Неабходна пісаць палітвязням, каб яны не здаваліся і вытрымалі свой тэрмін. Адна з буйнейшых польскіх газет публікуе сёння артыкул, у якім тлумачыць, якім чынам можна падтрымаць беларускіх палітвязняў. У матэрыяле выдання Gazeta Wyborcza прыведзены таксама прыклады людзей, якія ўжо лістуюцца з людзьмі, што сядзяць за сваю палітычную пазіцыю. Для палякаў праблемай можа быць тое, што лісты павінны быць на беларускай або рускай мове, бо інакш іх не прыме цэнзура. У такой сітуацыі варта звернуцца да адной з валанцёрскіх арганізацый, якія прапануюць перакласці змест нашай паштоўкі на прымальную мову.
Існуюць ініцыятывы, якія дазваляюць выбіраць «свайго» палітвязня. Гэта можна зрабіць, карыстаючыся сайтам
politzek.me. Там можна знайсці ўсіх, хто лічыцца палітзняволеным і прачытаць, хто яны такія, пазнаёміцца. Неабходна падтрымліваць усіх. Валанцёры кажуць, што ёсць «папулярныя» вязні, да якіх пішуць сотні людзей. Ёсць, на жаль, і тыя, хто не карыстаецца такой падтрымкай. Неабходна пісаць і ім, каб яны не здаваліся і вытрымалі свой тэрмін.
Напісаць пісьмо не цяжка, аднак варта трымацца некаторых правілаў. Нельга пісаць пра палітычныя падзеі, нельга пытацца пра ўмовы пражывання ў турме і статус абвінавачання. Варта затое пісаць пра звычайныя, штодзённыя рэчы, як жыццё, прырода, праца – тое, чаго палітвязням не хапае ўжо некалькі месяцаў, а яны не хочуць забыцца пра «звычайнасць». Акрамя пісьмовай падтрымкі, варта аказваць і фінансавую. Для гэтага можна скантактавацца з арганізацыямі, як BYSol або Dissidentby, якія перададуць грошы або на турэмны рахунак вязня, або сям’і. Як падкрэсліваюць валанцёры, якія пішуць лісты палітвязням, гэта цудоўны спосаб падтрымаць несправядліва асуджаных, які каштуе мала, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
аев