- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адыходзіць у гісторыю 2020 год, які даў беларусам прамень надзеі на перамены. Гэты год паказаў шмат прыкладаў надзеі на перамены і зафіксаваў новы стан грамадства. Увесь свет вось ужо пяты месяц назірае за падзеямі ў нашай краіне, якія пачалі разгортвацца пасля 9 жніўня. Мірны пратэст і жорсткае, гвалтоўнае яго падаўленне сілавікамі з пыткамі пратэстоўцаў у месцах затрымання. Ігнараванне кіраўніком краіны патрабаванняў беларускага народу і шалёная атака на нацыянальныя колеры і сімвалы Беларусі. Прыдумванне новых больш жорсткіх і антыгуманных пакаранняў для нязгодных з хлуснёй і прысваеннем улады. Мужнасць мірных пратэстоўцаў Беларусі выклікала захапленне ў дэмакратычным свеце. Еўрапейскі Саюз уручыў прэмію Сахарава за 2020 год прадстаўнікам беларускай апазіцыі на чале са Святланай Ціханоўскай. Гэтым дэ-факта прызнана жаданне беларусаў быць вольнымі людзьмі на сваёй зямлі і магчымасць лічыцца еўрапейцамі, а ў перспектыве далучыцца да Еўрапейскага Звязу. За гэтымі месяцамі змагання за праўду і свабоду, за месяцамі рэпрэсій супраць тысяч удзельнікаў пратэстаў, якія гераічна адстойваюць свой выбар, паволі знікла першапрычына гэтых пратэстаў – фальсіфікацыя выбараў, тое што выклікала абурэнне.