Гародня: cтворана старонка дапамогі страйкуючым і рэпрэсаваным
2020-09-03 21:32
Гарадзенскімі праграмістамі створана старонка дапамогі страйкуючым ды рэпрэсаваным – рэгіянальны праект Grodno Help.Распавядае адзін са стваральнікаў пляцоўкі
Глеб Койпіш.
– Пабачыў у Фэйсбуку, Васіль Іварчук, ён уваходзіў у тым ліку і ў Каардынацыйную раду, вырашыў сабраць айцішнікаў. Мы сабраліся суполкай, досыць вялікай, там было некалькі дзясяткаў чалавек. І падумалі, што рабіць. Была ідэя стварыць сайт дапамогі. Але перш за ўсё для страйкоўцаў, для тых, што зараз страйкуе, альбо збіраюцца, альбо згубілі працу за сваю пазіцыю. І ў нас утварылася досыць вялікая суполка.
На думку Глеба Койпіша, такая ініцыятыва стваралася невялікай групай гарадзенцаў.
– На гэтым праекце, напэўна, чалавек 20. Але паколькі трэба было зрабіць хутка, і мы гэта зрабілі цалкам, з улікам збору кантэнту, за тры дні. Насамрэч мы вырашылі выкарыстоўваць канструктар. Таму зрабілі хутка. І ў гэтым праекце ўдзельнічалі шэсць чалавек.
На старонцы ёсць падрабязная інструкцыя, што рабіць, калі працоўныя хочуць арганізаваць страйк, а таксама ўказаныя адрэсы, куды звяртацца, калі згубіце працу і да каго – па юрыдычныя парады, калі хочуць звольніць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча