Ганна Янкута спалучыла ў сваім зборніку асноўны закон Беларусі і метафарычныя вершы
2023-06-14 12:08
«Канстытуцыя. Геалогія» - гэта канцэптуальная кніга, напісаная на палях беларускай канстытуцыі.
Польскі Pen Club зладзіў сустрэчу, прысвечаную кнізе Ганны Янкуты «Канстытуцыя. Геалогія». Канцэптуальная кніга, напісаная на палях беларускай канстытуцыі, – гэта адзін з самых удалых і нечаканых дэбютаў у беларускай сучаснай паэзіі. З цэнзурных меркаванняў яна існуе ў двух постацях – з рознымі вокладкамі і назвамі. Пра метафары, якія дазваляюць злучыць такія далёкія сферы, як паэзія і канстытуцыя, і пра беларускі «застылы час» распавяла аўтарка Ганна Янкута – беларуская пісьменніца, перакладчыца і даследчыца літаратуры.
- У нейкі момант я падумала, што было б цікава супрацьпаставіць канцылярскую мову, на якой напісаныя ўсе дакументы, з мовай паэзіі. Адразу мне прыйшла ў галаву канстытуцыя, гэта быў 2021 год, было шмат дыскусій вакол канстытуцыі, рыхтаваўся рэферэндум, мы ўжо ведалі, што канстытуцыю чарговы раз будуць мяняць. Я вырашыла зрабіць канстытуцыю паэтычнай мовай. Дагэтуль я ніколі раней не чытала так уважліва беларускую канстытуцыю. Гэта было важнае чытанне, паколькі я зразумела, што яна расказвае пра нейкі ідэальны свет. У нас законы не выконваюцца, таму канстытуцыя зрабілася для мне хронікай катастрофы. Кожны артыкул, які я чытала, выклікаў успаміны. Чытаеш артыкул і прыгадваеш сітуацыі, калі гэты артыкул парушаўся.
Аўтарка цыклу
«Гасцінная Варшава – беларуская літаратура» Яанна Бернатовіч кажа, што ўпершыню пазнаёмілася з кнігай Ганны Янкуты на Кніжным кірмашы ў Кракаве. Найбольш яна была здзіўленая адрозненнем паміж польскім і беларускім выданнем кніжкі. У беларускім няма артыкулаў з асноўнага закону.
- У Польшчы яна была надрукаваная з артыкуламі канстытуцыі і з вершамі, а ў Беларусі выдавец пабаяўся яе выдаваць у такім выглядзе, трэба было хутка прыдумаць новы загаловак – «Вершы, напісаныя ў музеі». Я нарадзілася ў 1982 годзе, мне здавалася, што цэнзура, праблемы, звязаныя са свабодай слова – дзесьці ў мінулым, для мяне гэта быў замкнуты раздзел. І раптам маё пакаленне бачыць нешта неверагоднае – творцы ў маім узросце патрэбная аўтацэнзура.
Ганна Янкута з’яўляецца цяпер стыпендыяткай праграмы «Літаратурная рэзідэнцыя імя Яніны Кац» у Кракаве. Паэтычны зборнік пісьменніцы «Канстытуцыя. Геалогія» выйшаў у 2022 годзе.
Слухайце ўсю гутарку ў далучаным гукавым файле аўдыё.
нг