Ганна Кандрацюк: Без любові нічога не створыш
2026-02-20 15:11
Ганна Кандрацюк-Свярубская — беларуская пісьменніца, якая нарадзілася на Падляшшы, жыве ў Беластоку і працуе ў тыднёвіку «Ніва». У якасці госці Беларускага Радыё Рацыя спадарыня Ганна падзеліцца з нашымі слухачамі сваёй творчай кухняй, раскажа пра свае творы, якія адлюстроўваюць гістарычныя і сацыяльныя каштоўнасці.
РР: Вы нарадзіліся ў вёсцы Катлоўка на Падляшшы. Як Вашае паходжанне паўплывала на выбар прафесіі і тэмы, якія Вы даследуеце як журналістка і пісьменніца?
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Гэта не тое што паўплывала, я з гэтага вырасла. Я нарадзілася ў асяроддзі, дзе ўсе гаварылі па-беларуску, прынамсі, мужчыны адчувалі сябе беларусамі. І калі ў нас рабілі пашпарт у 18 гадоў, трэба было запісаць нацыянальнасць, грамадзянства, вядома, польскае, але з маіх сяброў ніхто не меў сумнення, што беларус. Так што мы вынеслі гэтую свядомасць з хаты ад бацькоў, ад людзей, але таксама ад настаўнікаў, бо таксама вялося навучанне беларускай мовы, а я яшчэ хадзіла ў беларускі ліцэй у Гайнаўцы, таму была такая магчымасць пашырыць веды, падвучыцца літаратурнай мове.
РР: Вось ужо больш за 30 гадоў Вы працуеце ў тыднёвіку “Ніва”. Як змянілася беларуская супольнасць на Падляшшы за гэты час, і як Вы адлюстроўваеце гэта ў “Ніве”?
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Я гэтакі рэпартажыст, заходжу ў вёску і так сказаць, гашу святло. Я проста архівізую тое жыццё, якое ў нас было, таму што нашыя вёскі выміраюць. Мая вёска на маіх вачах літаральна памірае, засталося ўжо некалькі асоб, большасць удавіц, і мне шкада, каб гэта ўсё прапала. Бо людзі чытаюць, я цяпер пішу такі цыкл “Шпацыр па сцічовым лесе”, людзі чытаюць і кажуць, паварот такі ў часы, калі мы адчувалі сваю сілу, сваю годнасць, бо ў вёсках, там, адкуль я паходжу, людзі ніколі не цураліся таго, што яны беларусы, трымаліся свайго. Сёння сітуацыя радыкальна змянілася. Мы проста асімілюемся, з аднаго боку, з другога боку, таксама можна гаварыць пра нейкую дэмаграфічную катастрофу. Бо маладыя людзі паз’язджалі з гэтых мясцовасцяў, з вёсак асабліва, і нас на сённяшні дзень ратуе дыяспара. Мы адчулі новае жыццё, калі прыехалі людзі з Беларусі. Сёння ў Беластоку столькі ўсялякіх праектаў, мерапрыемстваў, што чалавек не паспявае, каб усюды пабываць. Гэта такія змены. І я іду разам з гэтымі зменамі, не змагаюся з імі, проста назіраю, апісваю, каб гэта было такім адлюстраваннем часу і нашага побыту.
РР: Ці ёсць прынцыпова розніца для Вас, як для аўтаркі, пісаць па-польску ці па-беларуску, і на якой лягчэй пішацца?
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Па-беларуску я пішу больш глыбока – гэта сям’я, гэта эмоцыі, гэта мой досвед. А па-польску – гэта начытанае, чалавек гэта ўспрымае крышку звонку. Некаторыя кажуць, што літаратура перастане існаваць тады, калі не будзе такіх крыніц, але ведаеце, сёння вельмі дзіўны час, бо я працую з дзецьмі, яны кажуць, што ім лягчэй пішацца па-беларуску, і гаворыцца. А ведаеце, чаму? Штучны інтэлект дапамагае! Гэтым яны вельмі добра карыстаюцца. І я не ведаю, што пра гэта думаць, бо не думаю адназначна, што гэта дрэнна, бо ў іх ёсць зацікаўленне.
РР: Вашая апошняя кніга “Проста з любові” – гэта партрэты людзей, якія любілі Падляшша, Беларусь і свабоду.
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Можна так сказаць, не тое што любілі, але гэта былі людзі, якія пакінулі выразны след. Не толькі яны з Беларусі, з Падляшша, яны спалучаюць і Падляшша і Беларусь, паказваюць, што ў духоўным сэнсе гэта адна прастора. Тут ёсць розныя прыклады, ёсць і святыя, ёсць і нацыянальныя героі, ёсць літаратары. Іх проста натхняе любоў да роднага.
РР: Чаму менавіта любоў стала галоўным ключом да гэтай гісторыі?
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Бо без любові нічога не створыш. Гэта такі чыннік, які робіць працяг не толькі ў нашым існаванні, але таксама працяг у гісторыі, працяг у існаванні чалавецтва, нашай зямлі.
Цалкам гутарка - у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя