Галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Манцэвічу выставілі абвінавачаньне
2023-04-03 19:02
Рэдактару вядомага выданьня пагражае 4 гады турмы за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».Галоўнага рэдактара
«Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Пра гэта паведаміла пракуратура Беларусі.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Манцэвіч як кіраўнік газэты разам з іншымі з 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і органы ўлады.
«У артыкулах зьмяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаваньне лжывых уяўленьняў аб невыкананьні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Манцэвічу інкрымінавалі арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Найвышэйшая санкцыя гэтага артыкулу — пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў.
Раніцай 15 сакавіка адбыўся вобшук у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы (Менская вобласьць). Зь ім і ягонай жонкай Нінай Манцэвіч зьнікла сувязь. Пасьля стала вядома, што Манцэвіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
«Рэгіянальная газэта» — вядучае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне Маладэчна і рэгіёну, якое выходзіла з 1996 году.
20 студзеня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайту і старонак «Рэгіянальнай газеты» у сацыяльных сетках.
15 сакавіка таксама прайшоў ператрус у рэдакцыі слуцкага выданьня «Інфа-Кур’ер», усіх прысутных пры ім змусілі даць падпіску аб невыдаваньні. Затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню. 17 сакавіка Сяргея Станкевіча і Алега Рубчэню асудзілі на 15 дзён арышту кожнага за нібыта непадпарадкаваньне пры затрыманьні.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
«Белгазета»,
«Брестская газета»,
«Газета Слонімская»,
«Информ-прогулка»,
«„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
«Лидер-пресс».
«Народная воля»,
«Новы час»,
«Рэгіянальная газета»,
«Свободные новости плюс»,
«Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:
«Белсат»
«Беларускі партызан»
«Наша Ніва»
Радыё Свабода
Ex-press.by
By.tribuna.com
Tut.by
«Брестская газета»
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.