Юрыдычная ацэнка і наступствы
Мець такую кнігу дома — рызыка штрафу і зняволення.
Нават калі рашэнне пра забарону прымаецца пазней за фіксацыю факта валодання кнігай. Мы прапануем пачытаць у адпаведным раздзеле
юрыдычную ацэнку забароны кніг — якія юрыдычныя наступствы можа мець наяўнасць такой кнігі дома, яе распаўсюджванне або нават проста захаванне ў бібліятэцы.
За што забараняюць?
Асаблівасць беларускай сітуацыі — адсутнасць уцямнага тлумачэння.
Заключэнні не ўтрымліваюць ніякай дакладнай аргументацыі, а іх высновы складаюцца з найбольш агульных вытрымак з заканадаўства і нічым не адрозніваюцца адна ад адной, нягледзячы на тое, што датычаць самых розных кніг і матэрыялаў.
З таго, што мы назіраем, кнігі забараняюць:
За беларускі, а не прарасійскі, погляд на гісторыю
За крытыку ўлады
За праўду пра рэпрэсіі і вайну
За спачуванне, чалавечнасць і любоў
Нават за бел-чырвона-белую вокладку
Кнігі пра культуру або беларускую гісторыю трапляюць у адзін спіс з сапраўды экстрэмісцкімі тэкстамі. Беларускі ПЭН уключае ў свае спісы тыя кнігі, якія паводле міжнародных стандартаў не могуць быць забаронены, бо не з’яўляюцца злачынствам.
Беларусы маюць унікальную сітуацыю: кнігі забараняюць не толькі праз нелаяльнасць, але і за тое, што яны — беларускія, але іх змест не ўкладаецца ў арыентаваную на Расію палітыку рэжыму. Гэта прамая пагроза існаванню мовы, літаратуры і культуры. Беларусы, намагаючыся захаваць сваю ідэнтычнасць, дзейнічаць не толькі без падтрымкі дзяржавы, але і змагаюцца з яе абмежаваннямі.
Друк шмат якіх беларускіх кніг у Беларусі на сёння немагчымы. З аднаго боку, ліквідаваныя ў Беларусі і выштурхнутыя за мяжу беларускія незалежныя выдавецтвы не маюць магчымасці сістэмна пастаўляць свае кнігі ў Беларусь, з другога — мова, тэма або аўтар кнігі могуць стаць прычынай для адмовы выдаваць яе ў выдавецтвах, што яшчэ засталіся ў Беларусі.
Забараняюць кнігі — каб забраць галасы.
Мы іх вяртаем.