Фонд Kamunikat.org перавыдае аповесць Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай»
2025-11-25 22:10
Селянін Ілля
Клімовіч аб’явіў сябе прарокам і неўзабаве вакол яго сабралася група
людзей, якія дарогай вуснай прапаганды стварылі легенду пра другога,
пасля Хрыста, пасланніка Бога да грэшных людзей на зямлі. Весткі пра
цуды за справай малітваў Клімовіча хутка разышліся па ўсёй Заходняй
Беларусі, Віленшчыне і Валыні.
Гэта аповед пра беларускае
сялянства ў Польшчы міжваеннага перыяду. У кніжцы паказаныя сапраўдныя
вёскі і мястэчкі, сапраўдныя людзі і самае цікавае — іх менталітэт. З
таго часу прайшло амаль цэлае стагоддзе, усё змянілася, апрача
менталітэту. Нашчадкі тых сялян жывуць сёння ў гарадах, карыстаюцца
інтэрнэтам, мабільнымі тэлефонамі, перамяшчаюцца дарагімі аўтамабілямі,
гавораць нават на англійскай мове, толькі вераць сёння ўсялякім
Клімовічам, што прамаўляюць да іх па тэлевізары.
«Праваслаўным»
была асоба, якая мела пачуцце адрознасці ад каталікоў — вернікаў
«польскай веры». Камуністы, якія атакавалі духавенства і Царкву, не
пераставалі называць сябе праваслаўнымі. Аповесць Аляксея Карпюка вельмі
дакладна прадстаўляе поўныя супярэчнасці светапогляды беларускага
сялянства.
Дагэтуль у Грыбоўшчыне стаіць царква, пабудаваная Клімовічам. Cам «прарок» пасля савецкай агрэсіі ў 1939 годзе быў арыштаваны ў вёсцы Паўлы і вывезены ў Сібір, адкуль ужо не вярнуўся ў свой Вершалін. Ёсць, праўда, і іншая версія яго смерці: што яго расстралялі на Беласточчыне як «прадстаўніка буржуазнага ладу ў рамках гістарычнай справядлівасці». Аднак гэта здаецца менш верагодна.
Фонд Kamunikat.org выдаў таксама ў двух частках
«Вершалінскі рай» Аляксея Карпюка ў фармаце аўдыёкнігі даступнай бясплатна на шэрагу пляцовак, у тым ліку на нашым
YouTube-канале. Кнігу з музыкай
Аляксандра Ясіньскага выдатна агучыў
Віктар Сямашка.