Фонд Kamunikat.org апублікуе па-беларуску найлепшы літаратурны рэпартаж 2024 года
2025-07-15 22:21
Фонд
Kamunikat.org ад
Wydawnictwo Czarne атрымаў права на выданне па-беларуску кнігі
Анэты Прымакі-Онішк «
Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша» (Aneta Prymaka-Oniszk «Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia»,
Wydawnictwo Czarne 2024).
Кніга ў 2024 годзе атрымала прэстыжную польскую прэмію Grand Press Чытачоў за найлепшы літаратурны рэпартаж года. Гэта ў вялікай ступені, таксама як і першая кніга гэтай аўтаркі пра бежанства, сямейная гісторыя — яе дзед ў траўні 1945 года быў забіты аддзелам польскага ўзброенага падполля ў сваёй вёсцы на Сакольшчыне. Але заадно гэта спроба вяртання сцёртай, забытай і замоўчанай гісторыі Беласточчыны.
Памяць пра гэтыя трагічныя падзеі амаль што сцёртая. Яна доўгі час амаль не існавала ў публічнай прасторы Беласточчыны. Калі пра яе і пісалі ці гаварылі, то звычайна былі гэта гісторыкі, журналісты ці публіцысты берарускай меншасці і ў медыях гэтай жа меншасці. Пра яе лепш было не пісаць, не гаварыць, замоўчваць, баяцца і... крыху саромецца.
Тэма вярнулася некалькі гадоў таму, калі польскія нацыяналістычныя асяроддзі ў Гайнаўцы пачалі праводзіць маршы «Жолнежы выклентых» узвялічваючы капітана Рамуальда Райса «Бурага», які адказвае за смерць больш чым 80-ці беларусаў – мірных жыхараў Беласточчыны, у тым ліку жанчын і дзяцей. Адказам беларускай меншасць была грамадзкая ініцыятыва «Наша Памяць», якая на праваслаўных могілках у Малешах паставіла помнік на магіле святой Марыі Петручук – аднае з ахвяраў «Бурага».
Аказваецца аднак, што такія трагічныя падзеі ў пасляваенны час адбываліся па ўсёй Беласточчыне, пра што і піша Анэта Прымака-Онішк.
Яе кніга засяроджваецца на забытым мінулым Беласточчыны — тэрыторыі, на якой на працягу стагоддзяў разам жылі розныя народы: палякі, беларусы, украінцы, яўрэі і іншыя этнічныя і нацыянальныя супольнасці. Аўтарка апісвае складаны працэс знікнення памяці пра лёс гэтых супольнасцяў, паказваючы драматычны досвед дэпартацый, перасяленняў і грамадскіх зменаў, што адбываліся ў XX стагоддзі — асабліва падчас Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд.
«Гэта вельмі важная кніга для нас як беларусаў Беласточчыны і хочам, каб яе выданне на беларускай мове наблізіла ўсіх беларускамоўных чытачоў да важнага, але дагэтуль мала вядомага фрагмента гісторыі польска-беларускага памежжа — гаворыць кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. — Нашыя трагічныя лёсы павінны быць таксама вядомымі тым беларусам, якія пасля 2020 з’ехалі з Беларусі і пасяліліся ў Польшчы, у тым ліку на Беласточчыне».
Гэтая кніга ў беларускім перакладзе можа таксама стаць пунктам адліку для дыялогу пра мінулае, агульную памяць і сучасныя выклікі. Асэнсаванне выцертых падзеяў і лёсаў людзей, што жылі на памежжы, можа паспрыяць будаванню мастоў паміж польскімі, беларускімі і іншымі этнічнымі супольнасцямі, лёсы якіх звязаныя з гісторыяй гэтага рэгіёну. Кніга таксама мае патэнцыял, каб падтрымліваць працэс адраджэння беларускай культурнай ідэнтычнасці, гадамі выцесненай з публічнай прасторы і афіцыйнай гістарыяграфіі.
Кніга дазваляе ўбачыць лякальныя падзеі як частку больш шырокіх еўрапейскіх працэсаў, такіх як прымусовая міграцыя, змена межаў ці знікненне культурнай спадчыны. У гэтым сэнсе яна можа даць натхнення для наступных даследчых і адукацыйных ініцыятыў.
Варта адзначыць, што кніга
Анэты Прымакі-Онішк «
Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша» была цёпла прынята ў Польшчы як чытачамі, так і прадстаўнікамі літаратурнай, гістарычнай і журналісцкай супольнасці. Апрачы згаданай прэстыжнай прэміі
Grand Press Чытачоў за найлепшы літаратурны рэпартаж, кніга была
ўдастоена Гістарычнай прэміі «Polityki» імя Марыяна Турскага ў катэгорыі найлепшая навукова-папулярная праца. Падляская рэпартажыстка
намінаваная таксама на
Літаратурную прэмію Цэнтральнай Еўропы «Angelus», а яе нніга трапіла і ў
спіс намінантаў на Літаратурную прэмію «Ніке» 2024 года.
Усе гэтыя ўзнагароды сведчаць пра літаратурную, дакументальную і сацыяльную вартасць дадзенай публікацыі, што яшчэ раз пацвярджае неабходнасць яе перакладу і распаўсюду сярод беларускамоўнай аўдыторыі.
Сустрэчы з
Анетай Прымакой-Онішк (у тым ліку падчас Фестывалю Абуджаных Тутака 2024) карысталіся
вялікай папулярнасцю сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая пасля падзеяў 2020 года масава пражывае ў Польшчы. Пытанні ўдзельнікаў гэтых сустрэч сведчылі не толькі пра недахоп ведаў сярод беларускіх эмігрантаў, але і пра іх
жаданне пазнаць гісторыю падляшскіх беларусаў і захаваць памяць пра яе.
Кніга
Анэты Прымакі-Онішк «
Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша» у перакладзе
Наталлі Русецкай выйдзе
ў першай палове 2026 года.