Трэці месяц адбываецца эўрапейскае турнэ пісьменьніка Сашы Філіпенкі. Паміж выступамі адзін з самых чытаных у сьвеце беларускіх аўтараў расказвае ў прэсе пра сытуацыю ў Беларусі, выступае перад палітыкамі.
Ці хоча Эўропа ведаць пра Беларусь і ці разумее, што там адбываецца? Пра гэта ў перадачы «ПіК Свабоды» з Сашам Філіпенкам размаўляе Дзьмітры Гурневіч.
На пачатку размовы пісьменьнік адказаў на пытаньне, ці не шкадуе, што беларуская зборная ня ўдзельнічае ў чэмпіянаце Эўропы па футболе, які сёньня пачаўся ў Нямеччыне.
«Такая Беларусь там не павінна быць. Калі б зборная Беларусі нейкі цудам прайшла, нам трэба было б нешта рабіць, бо нельга гуляць і нельга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца ў краіне, калі там катуюць людзей. Але я спадзяюся, што калісьці зборная Беларусі будзе на Эўра з «Пагоняй», — сказаў Філіпенка.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Падчас інтэрвію ён закрануў праблему данясеньня да эўрапейцаў інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі і расказаў, што многія людзі на Захадзе ня ў стане паверыць у тое, што там адбываецца.
«Ім цяжка ўявіць, што нешта такое адбываецца. Калі ты ўсё жыцьцё жывеш у Швайцарыі, дзе некалькі стагодзьдзяў не было вайны, ім цяжка паверыць у сюррэалізм: арышты за бранзалеты, катафоты, шкарпэткі. Калі б мне пачалі расказваць, што нешта такое адбываецца ў Харватыі ці Славеніі, пра якія я мала што ведаю, то я б таксама ня даў веры», — кажа Саша Філіпенка.
Пісьменьнік перакананы, што беларусы павінны карыстацца магчымасьцямі расказваць у сьвеце пра Беларусь.
«Пасьля Нобэлеўскай прэміі Алексіевіч і 2020 году беларуская літаратура гучыць у Эўропе. Беларускіх аўтараў ведаюць. Ведаюць Бахарэвіча, Марціновіча, Алексіевіч, Вежнавец, паэтак. У гэтым сэнсе, мне падаецца, мы змаглі зрабіць тое, што не ўдалося беларускай зборнай па футболе. У чэмпіянаце па літаратуры ў нас цяпер ёсьць сваё месца», — лічыць пісьменьнік.
Дзьмітры Гурневіч
Радыё Свабода