Фестываль PRADMOVA пашырае беларускую прастору ў Еўропе
2025-10-24 09:44
У пятніцу «ПРАДМОВА» пачынаецца ў Празе. «Такой багатай праграмы няма ў нікога»
«ПРАДМОВА» традыцыйна адбываецца
ў Польшчы, у Літве, была ў Грузіі, у мінулым годзе — у Берліне, у гэтым годзе — у Празе. Ці можна чакаць, што будзе далейшае геаграфічнае пашырэнне — на поўнач, можа на поўдзень, на захад? Калі на ўсход фактычна нерэальна...
«У нас ёсць пэўныя рэсурсныя абмежаванні», - кажа прадстаўніца аргкамітэта «ПРАДМОВЫ»
Лілія Іллюшына.
— Найперш, мы не можам ладзіць «ПРАДМОВУ» ва ўсіх гарадах, дзе б нам хацелася. На сённяшні дзень два гарады, дзе яна адбываецца стала — гэта Варшава і Вільня. Ясна, з чым гэта звязана: там найбольшая колькасць беларусаў, як удзельнікаў, так і аўдыторыі. Гэта абсалютна лагічна. А яшчэ дзве пазіцыі ідуць па выбару. Адна — гэта выбар аргкамітэта, мы самі прыкідваем, дзе было б добра. І яшчэ ёсць, у прынцыпе, нават традыцыя, як у Беларусі было, так і ў эміграцыі, мы спрабуем эксперыментаваць. Гэта, калі самі людзі праз галасаванне паказваюць, што нас чакаюць у іх горадзе.Другі год запар «ПРАДМОВA» наведвае Познань, хоць гэты горад не ўваходзіць у два асноўныя гарады, нагадала Лілія Іллюшына.
—
У нас ёсць жаданне і ідэя рухацца і ў іншыя гарады. І я скажу, што гэта магчыма ў двух фарматах. Першы — паўнавартасная асобная праграма «ПРАДМОВЫ», як у Вільні ці Варшаве. Але ёсць і фармат калабарацыі.Другі год запар у нас была супраца з
Кракаўскім пікнікoм «Летуцень», дзе
«ПРАДМОВA» мела асобную праграму. І быў у нас эксперымент — калабарацыя з
Познаньскім кніжным фестывалем у верасні. Адзін івэнт мы ладзілі ў межах гэтага фестывалю. То бок мы ў гэтым плане гатовыя да супрацы.
Паводле слоў арганізатараў, кніжны фестываль
«ПРАДМОВA» ладзіцца там, дзе жыве вялікая беларуская дыяспара. Ільюшына распавяла, што ўжо нейкі час абмяркоўваюць, як фестываль зладзіць у
Злучаных Штатах Амерыкі, у Канадзе і Вялікабрытаніі і нават у Аўстраліі.
«Калегі, напэўна, усміхнуцца, калі пачуюць гэтую прапанову, але чаму б і не? Мы ж таксама не думалі, што будзем ладзіць у такіх гарадах», - падкрэсліла Лілія Іллюшына.
Слухайце гутарку ў далучаным файле
Гутарыў Яраслаў Іванюк