Эльвіра Каралёва: Кожны можа зрабіць штосьці карыснае
2024-05-10 19:32
Інклюзіўныя мерапрыемствы, якія адбываюцца цяпер у Варшаве, не заўсёды ў поўнай ступені такімі з’яўляюцца. Чаму? Як адчуваюць сябе творчыя беларусы з абмежаванымі магчымасцямі?
На гэтыя пытанні нашаму радыё адказала “Госця Рацыі”, мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва. Таксама арганізатарка тэматычных выстаў распавяла, як нараджаюцца яе падзеі:
– Я загараюся гэтай тэмай. Пра гэта мяне ніхто не просіць, але калі я бачу ў інтэрнэце працы, я загарэлася, мне захацелася, яны мне вельмі спадабаліся. Я іх публікую ў сябе ў інклюзіўных чатах, у сацыяльных сетках. Ёсць такая невялікая віртуальная галерэя, мастакі скідваюць туды свае працы, каб пабачыць, што ў нас ёсць, якія карціны, што мы можам выстаўляць. Гэта не толькі мая ініцыятыва, мае праекты, мае задумкі, гэта ўсё ўвасабляецца ў жыццё дзякуючы неабыякавымі людзям.
Мы гэта робім ад чыстага сэрца, захацелі, зрабілі, рэалізавалі праект. Таму яны атрымліваюцца такія ў нечым наіўныя, можа быць не вельмі прафесійныя. Можа быць не вельмі такія сур’ёзныя адносіны з боку прафесійнай мастацкай супольнасці і гэтак далей. Мы робім усё, што можам, што мне здаецца важным. Праз мастацтва падымаем інклюзіўныя тэмы і кажам пра важнае.
РР: Наколькі зараз наогул у Варшаве развіты гэты самы інклюзіўны рух? Ці хапае падтрымкі? Ці хапае ўвагі?
– Я б сказала так, што канешне не хватае інклюзіўных мерапрыемстваў. Трэба больш рабіць, мы робім тое, што мы можам. Нашы інклюзіўныя мерапрыемствы, яны ў нейкай меры таксама не вельмі інклюзіўныя. Напрыклад, я калі думаю пра інклюзіўныя выставы, то канешне я мяркую, што могуць быць людзі на інвалідных вазках. Але я не ўлічваю, што выстава разлічана на людзей з асаблівасцямі зроку, я не раблю такіх выстаў.
Я не раблю для людзей з асаблівасцямі слыху, а яны таксама могуць прыйсці на адкрыццё. У Варшаве я б сказала, што фестываль сучаснага мастацтва праводзіцца рэгулярна – інклюзіўны фестываль. Я калі гляджу на яго афішу і арганізацыю, то дзіўлюся наколькі яны ўлічваюць усе асаблівасці, якія я нават магу не ўлічваць. Я здзіўляюся, што можа быць экскурсія толькі для людзей з сіндромам Даўна. Ого, думаю, нічога сабе, як бывае. Нейкая экскурсія, напрыклад, па Варшаве толькі для людзей з асаблівасцю зроку. Я таксама здзіўляюся, бо я таксама такога не раблю. Нават самыя інклюзіўныя мерапрыемствы, яны на жаль бываюць не дасяжныя для ўсіх відаў інваліднасці.
Калі я раблю нейкае мерапрыемства, я магу таксама штосьці не ўлічваць. Мяне калі пытаюць, ці можна з нейкім з захворваннем, з сіндромам людзям наведаць, мне часамі даводзіцца казаць, што не, мы не падумалі пра гэта. Мы стараемся канешне ўсё ўлічваць, але пакуль не атрымліваецца. Я думаю, як заўсёды такіх мерапрыемстваў трэба праводзіць больш, бо людзей з інваліднасцю вельмі шмат. Я нават не ўяўляла колькі, калі я стварала нашу супольнасць. Я бачу, што ім ужо 600 чалавек з інваліднасцю і кожны дзень гэта колькасць расце, людзі прыязджаюць і штосьці трэба з гэтым рабіць.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя