Эканамічны суд пастанавіў ліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця ў Гародні
2021-05-12 20:42
Эканамічны суд пастанавіў ліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця ў Гародні. Павел Мажэйка абавязаны ліквідаваць установу да 12 жніўня.
Судовае паседжанне эканамічнага суда Гарадзенскай вобласці на працягу двух гадзін „разабралася” з культурнай стрэмкай беларускай культуры Гародні – „Цэнтрам гарадскога жыцця”.
Суддзя Юлія Баклажэц пагадзілася з меркаваннямі пракуратуры, у асобе пракурора Аляксандра Южыка, і Гарадзенскага гарадскога камітэта, у асобе Дзяніса Чарняка, што Цэнтр стаў распаўсюднікам экстрэмізму і нацызму.
Павел Мажэйка, дырэктар „Цэнтра гарадскога жыцця”, які судом ліквідаваны, не згодны з гэтымі абвінавачваннямі. А партрэт Яўгена Жыхара, якога экспанавалі ў „Цэнтры” падчас персанальнай выставы Алеся Пушкіна, не прызнаны судом экстрэмісцкім.
– У беларускім заканадаўстве дакладна патлумачана, якія арганізацыі і якія асобы можна лічыць нацысцкімі. Там няма Жыхара. Гэтыя довады я даводзіў. Ёсць нават пастанова Міністэрства ўнутраных спраў, у 2019 годзе прынятая, якая ўдакладняе якія арганізацыі лічацца нацысцкімі. Там таксама няма Жыхара. Абсалютна не то, пра што піша пракурор у іскавай заяве. Але відавочна, што ніхто не плануе Жыхара ўключыць у тыя спісы, у тым ліку і пракуратура, якая не падала ніводнага доказу.
Яшчэ адной неспадзяванкай стала чарговая „паперчына”, далучаная да справы пра ліквідацыю ад пракуратуры: экспертная ацэнка выстаўленага партрэта, які экспанаваўся разам з іншымі ў сакавіку ў Цэнтры гарадскога жыцця. Але гэтак званыя эксперты, сярод якіх кіраўнік камісіі Вадзім Хілюта, не спаслаліся ні на які дакумент, крыніцу. Усё заснавана на ацэначнай катэгорыі.
– Абсалютна не. Там ёсць канкрэтна: ці бачыце вы ў гэтай карціне і каментары Алеся Пушкіна прыкметы экстрэмізму? Так, мы бачым прыкметы экстрэмізму, – адказвае экспертная камісія. І гэта ўсё. І гэтага пракуратуры дастаткова для таго, каб зачыніць арганізацыю.
Абвінавачанні чыноўнікаў не мелі абгрунтаванняў ані на падставе заканадаўства, ані на падставе міжнародных ацэнак таго, што з’яўляецца экстрэмісцкім і нацысцкім. Але гэта ў выніку не паўплывала на рашэнне суду пра закрыццё Цэнтра.
Фота Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя