„Дзённікі і запісы” Рыгора Барадуліна на Камунікаце
2025-02-24 20:00
З нагоды 90-ай гадавіны народзінаў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна на Камунікаце з´явілася 11 тамоў яго „Дзённікаў і запісаў”.
Сёньня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
11 тамоў „Дзённікаў і запісаў”, ў якія ўвайшлі дзённікі, лісты, запісы, зацемкі, накіды, чарнавікі Народнага паэта Беларусі гэта ўнікальны матэрыял і невычэрпная крыніца ведаў пра Рыгора Барадуліна, яго сяброў і знаёмых ды пра падзеі, у якіх ён удзельнічаў.
У першы выпуск „Дзённікаў і запісаў” (1951—1969) народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы яго сяброў і знаёмых. Упершыню друкуецца самая першая невядомая раней паэма “Зацвітаюць купавы” (1958—1959), прысвечаная лёсу бацькоў паэта. Асобныя спасылкі на творы аўтара дапамогуць асабліва ўважлівым да яго жыцця, асобы і творчасці чытачам арыентавацца ў вялікай творчай спадчыне паэта.
У
другім выпуску „Дзённікаў і запісаў” (1970—1978) сабраныя рабочыя штодзённікі, запісы шматлікіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі, па рэспубліках Савецкага Саюза, а таксама зацемкі аб пабачаным ў падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю і Данію. У кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў зборніках паэта, сяброўскія эпіграмы, вершаваныя прысвячэнні і віншаванні.
Трэці выпуск „Дзённікаў і запісаў” (1979—1982) народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна змяшчае тэксты аб працяглых паездках паэта на Кубу, у Балгарыю, Італію, Чэхаславакію, у многія рэспублікі Савецкага Саюза, а таксама па Беларусі. Запісы рабочых штодзённікаў і нататнікаў малююць вобраз нястомнага працаўніка, бясконца закаханага ў роднае слова паэта, шчырага сябра і ўважлівага да любых праяў жыцця назіральніка. Кнігу дапаўняюць сяброўскія эпіграмы, віншаванні і, канечне ж, вершы, якія не ўваходзілі ў зборнікі паэта ці наогул не друкаваліся.
Чацвёрты выпуск „Дзённікаў і запісаў” ахоплівае 1983–1988 гады і адметны нататкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна адметны нататкамі пра яго ўдзел у працы ХХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў далёкія і загадкавыя Індыю і Непал, а таксама не менш цікавыя — у Францыю, Балгарыю, Польшчу і пра больш звыклыя — у рэспублікі Савецкага Саюза і дарагія сэрцу родныя мясціны. Таксама ў гэтую кнігу, выдадзеную ў серыі “Людзі Беларусі”, як і тры папярэднія, увайшлі вершы, раней не друкаваныя ў зборніках паэта, а таксама вясёлыя сяброўскія віншаванні, прысвячэнні і малюнкі.
Пяты выпуск „Дзённікаў і запісаў” (1989–1991) яскрава адлюстраваў новы час нашай гісторыі — перабудова, дэмакратыя, галоснасць, а за імі нечаканае знікненне СССР і нарэшце — незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Адбыліся паездкі паэта ва Украіну, Узбекістан, Таджыкістан і Туркменію, а таксама ў Кітай і Францыю. Выйшлі новыя кнігі вершаў і перакладаў, ішло напружанае творчае і грамадскае жыццё. Том папоўнілі не друкаваныя раней у зборніках вершы, а таксама фотаздымкі і малюнкі сяброў.
Шосты том „Дзённікаў і запісаў” (1992–1993) расказвае чытачам пра напружанае грамадскае жыццё творцы, новыя тэмы і накірункі ягонай паэзіі. У кнізе змешчаны болей за сто недрукаваных раней вершаў, накідаў, сяброўскіх эпіграм, віншаванняў і прысвячэнняў. Вялікая колькасць зносак на ўпамянутых асоб і творы паэта дапамогуць магчымым даследчыкам у вывучэнні жыцця і творчасці паэта.
Сёмы том „Дзённікаў і запісаў” (1994–1995) раскрывае напружанае грамадскае і, галоўнае, апантанае творчае жыццё Рыгора Барадуліна, яго адносіны да рэаліяў новага часу, чалавечых адносін, мінулага краіны і жаданай будучыні. У кнізе змешчана больш за 200 вершаў, якія не друкаваліся ў ягоных зборніках, а таксама сяброўскіх прысвячэнняў і эпіграм.
Восьмы том дзённікаў Народнага Паэта ахоплівае 1996–1997 гады ягонага жыцця — асабістага, грамадскага і творчага. Паездкі за мяжу і па Беларусі, удзел у здымках дакументальных фільмаў, пераклады п’ес, вершаў паэтаў розных краін, заглыбленне ў новыя тэмы — творчая праца безупынку, якая і трымае паэта на зямлі.
Дзявяты том працягвае друкаванне дзённікаў народнага паэта Беларусі. 1998–2002 гады — гады насычанай працы паэта. Ім напісаны глыбока духоўныя цыклы вершаў, цікавыя ўспаміны пра літаратараў, нізкі вясёлага гумару, сцэнары дакументальных фільмаў, перакладзены п’есы для тэатраў, паэмы, шматлікія вершы і апавяданні самых розных аўтараў. Пра ўсё гэта з цікавасцю чытаецца ў кароткіх і змястоўных запісах паэта.
Дзясяты том „Дзённікаў і запісаў” ахоплівае 2003–2006 гг. жыцця Рыгора Барадуліна. Змяшчаюцца тут запісы пра паездкі ў Рым, дзе адбылася сустрэча паэта з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, у Вільнюс, Прагу, Беласток, а таксама па гарадах Беларусі. Запісы пра горкія страты і творчыя набыткі: выхад некалькіх арыгінальных і перакладных кніг. Том дапоўнілі болей за 150 вершаў і прысвячэнняў, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках паэта.
Адзінаццаты том завяршае друкаванне
„Дзённікаў і запісаў” Народнага Паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія ён распачаў у далёкім 1951 г. Том дзённікавых запісаў дапоўнены самымі нечаканымі падборкамі, якія яскрава падсвечваюць разнастайнасць і шматбаковасць творчай спадчыны Паэта.