Дзяніс Івашын пра расейскую прапаганду і моладзевыя клубы
2020-06-22 20:05
Журналіст і кіраўнік Беларускай службы “Інформнапалм” Дзяніс Івашын лічыць, што Расея выкарыстоўвае прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, сеціва так званых дыскусійных клубаў «Импрессум», «Формат-А3», «Сковорода» для вядзення прапаганды, здзяйснення інфармацыйна-псіхалагічных аперацый і аперацый уплыву ў суседніх з ёю краінах.
Як гэта адбываецца ў Беларусі, распавядае Дзяніс Івашын:
– У Беларусі, перадусім, яны сваю дзейнасць пачалі ў Менску ў 2015 годзе. Залучылі туды журналістаў дзяржаўнага сектару, перадусім, гэта Беларускі саюз журналістаў. І што самае цікавае, таксама заручыліся падтрымкай з боку ідэалагічнага апарата Беларусі на нацыянальным і рэгіянальным роўні. Атрымалі доступ да студэнцкіх аўдыторыяў у Менску і ў Гародні. У Менску – гэта БДУ, а ў Гародні – гэта Дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Цягам амаль пяці гадоў яны ўжо правялі практычна 90 мерапрыемстваў.
На думку журналіста, падобныя мерапрыемствы адбываюцца адмыслова ў Гародні, і ён тлумачыць, якім чынам яны адбываюцца: – Досыць вялікая доля расейскіх арганізацый, не забываем, што гэта ўсё вынікае з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, запрашаюцца спікеры мерапрыемстваў. Спікерамі з’яўляюцца, перадусім, грамадзяне Расеі, гэта вядомыя медыйныя постаці, лідары грамадскіх меркаванняў. Напрыклад, гэта чальцы “Изборского клуба”. Адна з такіх постацяў досыць яскравых – гэта Мікалай Старыкаў, якога медыя-клуб «Формат-А3», запрасіў у Беларусь яшчэ ў 2015 годзе.
Апроч Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта для правядзення сустрэч з прадстаўнікамі “рускага свету” выкарыстоўваюць і іншыя грамадскія месцы горада. Напрыклад, адбывалася сустрэча і ў самым старым гарадзенскім кінатэатры “Чырвоная Зорка”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня