Дзень народзінаў Васіля Быкава
2021-06-19 14:40
19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік. Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.
Упершыню мы сустрэліся з Быкавым на сэмінары маладых літаратараў у 1982 годзе. Слухаючы яго словы аб тым, што яшчэ не прамоўленая ўся праўда пра мінулую вайну, я адразу ўспомніў тую полацкую вёску, якую ў 1941-м спалілі разам з жыхарамі пераапранутыя ў нямецкую форму супрацоўнікі НКВД. Але значна больш за тое, што гаварыў Васіль Уладзімеравіч, мяне ўразіла тады ягонае маўчаньне падчас выступаў рознага кшталту калялітаратурных чыноўнікаў. У гэтым маўчаньні адчувалася веліч асобы.
Сапраўднае адкрыцьцё Быкава як пісьменьніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасьля зьяўленьня аповесьці «Знак бяды» — твору, бясспрэчна, знакавага для нашае літаратуры.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 508–509.