- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пакуль не мінаў той дзень, Мірак пачуваўся збольшага шчаслівым чалавекам. Дарма што звонку Міракава жыццё выглядала не надта прывабна, ён жыў у злагадзе з сабою, бо меў галоўнае – час. Тое, што бальшыня няспынна й няўхільна губляла, марнуючы дарогаю жыцця, хіба зрэдку ды гэтак жа марна наракаючы на змушаныя акалічнасці. Мірак вызнаваў, што не існуе настальгіі па месцы, ёсць толькі настальгія па часе. І нават калі, здаецца, мы тужым па нейкім горадзе, краіне або ўзбярэжжы – насамрэч мы тужым па тым часе й па тым стане, у якіх знаходзіліся. І часцяком, калі нам шчасціць вярнуцца ў той самы край, мы раптам не пазнаем яго, знаходзім яго іншым, нібы бачым яго зусім іншымі вачыма. Не такім, якім захавала яго наша памяць. Знаёмае, любае месца ўжо не дае нам ранейшых адчуванняў й не жывіць звязаных з імі надзеяў. Бо заўжды можна вярнуцца на старое месца. Але ніколі нельга патрапіць у былы час і ў былыя станы. (фрагмент)