Двое беларусаў прэтэндуюць на літоўскую прэмію «Голас году»
2025-09-19 13:37
Дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў Літвы праводзіць галасаваньні за розныя ініцыятывы году. У катэгорыі «Голас году» на ўзнагароду прэтэндуюць адразу двое беларусаў.
Конкурс арганізавала ініцыятыва
Lrytas.lt. Пра мэту конкурсу яна піша:
«Запрашаем падтрымаць ініцыятыву „Шматколернасьць Вільні“ і прагаласаваць! Для тых, хто стварае сучасную Вільню — адкрытую, разнастайную, дэмакратычную. Бо разнастайнасьць — гэта не пагроза, а магчымасьць усім расьці разам».
Сярод кандыдатаў у намінацыі
«Голас году» — беларуская паэтка і перакладніца
Ванда Марцінш. Як гаворыцца ў апісаньні яе намінацыі, «Ванда чуйна і пасьлядоўна гаворыць аб правах чалавека, сацыяльную справядлівасьць, роўнасьць і разнастайнасьць у сваёй творчасьці, прасоўваючы эмпатыю і ўсьведамленьне ў грамадзтве».
Ванда Марцінш нарадзілася ў 1959 годзе ў вёсцы Муляры на Пастаўшчыне. У 1980 годзе пераехала ў Вільню пасьля заканчэньня Віцебскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Таксама жыла ў Шатляндыі і Партугаліі. З 2017 году друкуецца ў альманаху «Беларус», публікавала падборкі вершаў у часопісе «Дзеяслоў» і ў газэце «Літаратура і мастацтва». Шмат перакладае літоўскіх, польскіх (віленскіх), ангельскіх, гішпанскіх і партугальскіх паэтаў.
Акрамя вершаў на беларускай мове, піша таксама і на літоўскай. У 2024 годзе Марцінш атрымала прэмію мэра Вільні за кнігу вершаў
«Маланкі над Вільняй».
У сьпісе таксама журналіст, рэдактар і вядоўца беларускай праграмы «Віленскі сшытак» на Літоўскай тэлевізіі Сяргей Гаўрыленка. Пра яго ў апісаньні гаворыцца: «актыўны ўдзельнік беларускай супольнасьці ў Літве — за дакумэнтальны тэлевізійны фільм „Апостал Вільні: спадчына Францішка Скарыны“».
Сяргей Гаўрыленка паходзіць зь Берасьця, у Вільні працуе ўжо больш за 10 гадоў. Акрамя фільму пра Скарыну, ён стаў аўтарам іншых стужак, напрыклад, напісаў сцэнар фільму «Музычны энтузіяст» пра Аліка Мелекса — татарскага дзеяча Літвы.
Беларуса неаднойчы ўзнагароджвалі за плённую працу. Напрыклад, у 2017-м годзе ён атрымаў узнагароду Сейму Літвы за «спрыяньне міжкультурнаму дыялёгу».