Дваравы канцэрт у Варшаве наведала больш за 300 чалавек
2021-07-12 17:13
У Варшаве тыдзень беларускай культуры завяршыўся вялікім дваравым канцэртам, на які прыйшло некалькі соцень чалавек.
Тыдзень беларускай культуры, абвешчаны Святланай Ціханоўскай, Народным антыкрызісным упраўленнем і арганізацыямі беларускай дыяспары, завяршыўся ў нядзелю.
У многіх замежных гарадах, дзе пражываюць беларусы, былі арганізаваныя канцэрты, сустрэчы і мерапрыемствы, звязаныя з прамаваннем беларускай музыкі, фальклору, танцаў ды ўсяго, што нагадвае родныя мясціны.
У Варшаве штодзённа праходзіла нейкае мерапрыемства, а ўсё святкаванне завяршыў дваравы канцэрт на падворку Беларускага дома ў Варшаве. Падчас яго можна было пісаць лісты палітвязням, слухаць музыку сучасных і традыцыйных беларускіх гуртоў, танцаваць ды есці дранікі.
Для самых маладых беларусаў была падрыхтаваная дзіцячая пляцоўка, дзе можна было размаляваць твар, зрабіць упрыгожванні і пагуляць з іншымі равеснікамі.
Мерапрыемства было таксама добрай нагодай, каб беларусы Варшавы сустрэліся і абмяняліся сваім досведам міграцыі.
На мерапрыемстве з’явіўся і адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства – кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён вырашыў прачытаць вершы, якія напісаў яшчэ да выбараў у жніўні 2020 года.
Сярод удзельнікаў былі як тыя, хто прыехаў у Польшчы яшчэ да выбараў 2020 года, тыя, хто быў вымушаны ўцякаць ад пераследу, цэлыя сем’і з дзецьмі, студэнты і ўсе магчымыя сацыяльныя групы дыяспары. Атмасфера дваравай сустрэчы ўсім спадабалася, але, здаецца, што ўсім найбольш падабаліся дранікі...
Акрамя таго, што на мерапрыемстве можна было паесці, быў пастаўлены адмысловы стол, за якім можна было напісаць ліст выбранаму палітвязню. Правядзеннем акцыі займаўся праваабарончы цэнтр «Вясна», а за сталом ад самога пачатку да канца сядзелі ахвотныя перадаць цёплыя словы зняволеным за сваю грамадзянскую пазіцыю.
На галоўнай сцэне падчас мерапрыемства выступалі беларускія музыкі. Так, можна было патанцаваць народныя танцы пад дуду, але і больш сучасную аранжыроўку.
З канцэртам электрычнай музыкі выступіла AnaMova, а потым беларускія песні пратэсту ў інструментальнай аранжыроўцы прадставіў гурт V&D.