Чалавек, які замяняў сабой некалькі міністэрстваў. Гісторыя беларускага нацыяналіста Кастуся Езавітава
2026-04-23 07:46
Кастусь Езавітаў — чалавек-міністэрства. Ён займаўся ўсім: войскам,
палітыкай, адукацыяй, дыпламатыяй, падручнікамі, газетамі. Майстар
перамоваў. Афіцэр. Палітык. Педагог. Прапагандыст. «Агент» савецкай
выведкі. Арганізатар «беларускага легіёна СС»... — усё гэта змяшчалася ў
адным чалавеку.
Кніга доўгачаканая. Раней спадчына Езавітава была расцярушаная
па зборніках ды архівах. Зараз — пад адной вокладкай мы маем успаміны,
публіцыстыку, вершы, паказанні савецкім органам. А яшчэ — вялізны масіў
ліставання (ды не абы з кім: з
Ларысай Геніюш,
Адамам Станкевічам,
Міколам Абрамчыкам,
Аляксандрам Чарвяковым і г. д.).
«Маладое віно яшчэ бродзіць»
Кніга ўражвае не столькі аб’ёмам старонак (больш за 700), колькі маштабам асобы галоўнага героя.
Гэта — летапіс шалёнага тэмпу жыцця чалавека, які паспеў паспрабаваць усе магчымыя актыўнасці для беларускага дзеяча таго часу. Езавітаў замяняў сабой не адно, а некалькі міністэрстваў: Абароны, Асветы, Замежных справаў, а яшчэ — Дом Друку.
Калі ўзяць перыяд 1917-1920 гадоў, то акажацца: Езавітаў — паўсюдна.
Як кадравы вайсковец — бярэцца за арганізацыю беларускай арміі. Кароткі
час з’яўляецца камендантам Менска. Удзельнічае ў абвяшчэнні БНР.
У Эстоніі дамаўляецца з Балаховічам пра пераход на службу Беларусі.
Кіруе беларускім гарнізонам у Горадні. У Менску стварае культурніцкае
таварыства «Бацькаўшчына». У краінах Балтыі — працуе як дыпламат...
Заўважце, самому Езавітаву ў 1918 годзе — 25 гадоў. Гэта не перашкодзіла яму стаць «першым беларускім палкоўнікам», а далей і «генералам»!
«Маладое віно яшчэ бродзіць», — піша пра яго Антон Луцкевіч.
«Каб не было яго, было бы шмат горш», — удакладняе Клаўдзі Дуж-Душэўскі.
На першы погляд, Езавітаў бярэцца за ўсё, але — нічога не даводзіць да фіналу. Атрымліваецца «езавітаўшчына»:
шмат шуму без толку. Але як працаваць, калі няма кадраў? Гэта ж не пра
амбіцыі, а пра кадравы голад. Няма грошай. Няма саюзнікаў. Сярод саміх
беларусаў няма разумення патрэбы ва ўласнай дзяржаве... Можна толькі
ўявіць, якіх поспехаў дамогся б гэты энергічны чалавек у спрыяльнай
сітуацыі ды з рэсурсамі пад рукой.
Бацька «латгальскага цуду»
Езавітаў ніколі не быў прафесійным палітыкам. Але меў якасці палітыка:
дыпламат, перамоўшчык, майстар камунікацыі. Не адкідваў ад сябе людзей,
а прыцягваў. Дамаўляўся з усімі: немцамі, латышамі, Саветамі,
абруселымі беларусамі, нават — латгальскімі стараабрадцамі! Акурат гэтых
якасцяў, як правіла, не ставала айцам БНР.
У 1920-х Кастусь Езавітаў стаў архітэктарам «латгальскага цуду».
У незалежнай Латвіі беларуская меншасць (пад 100 000 чалавек) была
арганізаваная найлепей і была прыкладам: школы, культурніцкія
арганізацыі, кнігі, часопісы, удзел у выбарах. Езавітаў меў ідэю:
Латгалія — мае стаць беларускім П’емонтам, донарам нацыянальнага руху.
Як гэта зрабіць без рэсурсаў? Ніяк. Або — браць у тых, хто дае. Адсюль
кантраверсійная старонка яго біяграфіі: супраца з савецкім Паўпрэдствам
у Рызе.
Але Езавітаў крок за крокам праходзіў усе этапы тагачаснага беларускага руху: БНР, сімпатыі да БССР, развітанне з ілюзіямі, супраца з немцамі... Розніца ў тым, што ён быў не спажыўцом беларушчыны, а яе стваральнікам. А тут цяжка захаваць «белае паліто».
Не трэба ва ўсім гэтым бачыць «пераабуванне». Езавітаў браў грошы
ў Камінтэрна, але пускаў іх — на беларускія школы. Чаму, уласна, Саветы
і парвалі з ім стасункі. У Латвіі некалькі разоў сядзеў у турме, меў
забарону на публічную дзейнасць. У БССР, у адрозненне ад Ластоўскага
ці Смоліча, так і не паехаў. Калі ў Саветаў і было для яго нейкае
«заданне» — то Езавітаў яго свядома заваліў.
Шлях нацыянальнага эгазіму
Кім быў Езавітаў па поглядах? Нацыяналістам. Не сімпатыкам
беларушчыны, не адраджэнцам, не сацыялістам, не аматарам беларускай
культуры, а — класічным нацыяналістам. Сярод яго тэкстаў няма глыбокіх
ідэалагічных працаў, а вось крэда — ёсць. Выпісанае ў вершы, які
з’явіўся пасля вызвалення з рыжскай турмы:
«У куце больш не маю бажніц —
Мапа там, а на ёй — Беларусь...»
Езавітаў не тэарэтык, а практык (нягледзячы на аб’ём напісанага). Сваё крэда ён сцвярджаў учынкамі — працай. Яго шлях — шлях нацыянальнага эгаізму. Не асабістага, але — нацыянальнага. Мэта: незалежная дзяржава. Усё іншае, уключна з саюзнікамі і метадамі — часовае. Беларусь — вечная.
Пры ўсім гэтым ён заставаўся рэалістам. Нацыянальныя пастулаты, паводле Езавітава, «...павінны быць абаперты ня толькі на юрыдычна праўнай падставе, але яшчэ і на беларускі штык».
Ужо будучы цяжка хворым, згубіўшы больш за 16 кг, у Берліне 1945-га,
пад бомбамі, ён далей працягваў справу жыцця. На той момант — цалкам
безнадзейную справу.
«Усё гарыць...»
Рэдка пішуць пра тое, што перад затрыманнем СМЕРШам генерал спрабаваў
скончыць жыццё самагубствам. На той момант для яго ўсё было скончана.
Адзін з запісаў яго «берлінскага дзённіка», з лютага 45-га: «Усё гарыць». Гарэў не Берлін, а яго мары — пра незалежную Беларусь.
Езавітаў на той момант быў адным з апошніх бацькоў БНР. Тых, хто
прымаў у 1918-м Трэцюю Устаўную грамату. Іхны час — «час бацькоў» —
сышоў. Усё, што паспелі і не паспелі, усе перамогі і грахі — усё гарэла
ў агні, бо пачыналася цалкам новая эпоха. Эпоха — дзяцей. А далей —
унукаў...
Цікава, ці думаў пра гэта сам Канстанцін Езавітаў у маскоўскай
Лубянцы, а пасля ў менскай Амерыканцы, куды яго даставілі, ледзьве
жывога, каб выцягнуць апошнія паказанні перад гібеллю?..
Алесь Кіркевіч, Budzma.org