Данута Бічэль пра музей Максіма Багдановіча
2022-05-16 14:02
36 гадоў таму ў Гародні адкрыўся музей Максіма Багдановіча. Гэта была вялікая нацыянальна-культурная падзея, якая паўплывала ў будучым станаўленні і сталенні свядомых беларусаў. Музей стаў месцам, дзе гуртавалася беларуская інтэлігенцыя, беларускія „адраджэнцы”.
„Госць Рацыі” стваральніца ды першы дырэктар музею Данута Бічэль.
РР: Ці часта вы згадваеце музей Максіма Багдановіча?
– Ва ўспамінах ён у ва мне гэты музей. Я ад яго не магу „вылечыцца”, пазбавіцца ад думак.
РР: Як вы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці стварэння такога музею?
– Былі такія людзі – гэта Карпюк. Ён будаваў культуру, ён хацеў зрабіць Гародню культурным цэнтрам накшталт Кракава, Львова ці Вільні. Ён шукаў розныя спосабы, што б яшчэ зрабіць для Гародні, для гэтай культуры. Была нагода – 90-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, калі яго ўпершыню паднялі з магілы. Яго творчасць была недзе ў кантэксце нашай культуры, але не на першым месцы. Да 90-годдзя яго назвалі класікам, не прарокам, бо Купала гэта месца заняў, але яго назвалі паэтам еўрапейскага ўзроўню. Святаў было шмат, напісалі яго партрэты, выставы зрабілі ў Гародні. Выставу перанеслі ў домік, у пакой Саюза пісьменнікаў, які знаходзіўся ў Ажэшкі, якім тады кіраваў Карпюк.
РР: Ці дзіцячая аўра паэта ахоплівае гэты будынак? Як вылічыце?
– Будынак гэты не той, той будынак не захаваўся, але ён побач там, вуліца тая, тое месца. Там быў Багдановіч, там хадзіў, гэта адназначна. Праз адзін дом там ёсць месца, нават грудок нядаўна быў яшчэ зялёны, дзе стаяў дом. Калі шыльду вешалі на гэтым доме, то той дом стаяў. Людзі вырашылі, што гэты дом больш падабаецца, больш прыгожы, драўляны, выходзіць на дзве вуліцы. Максім Багдановіч пражыў сваё жыццё сканцэнтравана, але яно было ў яго надта кароткае. Кожны этап, кожны перыяд яго жыцця надта важны ў яго творчасці. Канешне ў пяць гадоў, калі ён выехаў ужо з Гародні, ён ужо быў чалавекам у якім было вельмі шмат закладзена ад будучага класіка, ад будучага генія. Можа быць, што час, які ён пражыў у Беларусі, болей значны ў яго душы, у ягоным жыцці, для будучых твораў, каб раскрыцца, як паэту вялікаму, чым другія. Таму, што потым ён ужо жыў на чужыне. Гародня ў жыцці Багдановіча вельмі важны перыяд.
Беларускае Радыё Рацыя