Чаму адбылася атака на Тut.by і якія будуць наступствы. Аналіз экспэртаў
2021-05-18 20:52
Чаму ўлады заблякавалі сайт парталу Тut.by і пачалі крымінальную справу супраць кіраўніцтва кампаніі? Што цяпер будуць чытаць беларусы? Якой будзе рэакцыя Захаду і міжнароднай журналісцкай супольнасьці? Як будзе разьвівацца сытуацыя далей?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
Бастунец Паводле Камітэту дзяржкантролю (КДК), рэч у недаплаце падаткаў
Але мы выдатна ведаем, як такія справы робяцца
Мы памятаем і справу Алеся Бяляцкага, і справу Алеся Ліпая, і справу таго ж Тut.by у 2018 годзе
Для мяне відавочна, што гэтая справа зьвязаная з той роляй, якую гэты партал адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы краіны
Я б пакуль не казаў пра зьнішчэньне парталу, я ўпэўнены, што яны будуць працягваць працаваць як інфармацыйны рэсурс, магчыма, праз сацсеткі, магчыма, праз Тэлеграм
Але зразумела, што гэтая справа — вялікі ўдар па фінансавай дзейнасьці Тut.by, які будзе цяжка вытрымаць
Калі партал спыніць дзейнасьць, цяжка сказаць, куды пойдзе яго аўдыторыя
На месца рэсурсу, які вэрыфікаваў інфармацыю, які прытрымліваўся журналісцкіх стандартаў, прыйдуць іншыя рэсурсы, якія ўлады ўжо сёньня называюць экстрэмісцкімі
А магчыма, хтосьці пяройдзе на расейскія рэсурсы, ролю якіх мы ўсьведамляем
У нас, у БАЖ, мала магчымасьцяў уплываць на сытуацыю. Мы ўжо зрабілі заяву, якая тычыцца сытуацыі з Тut.by. Мы ўжо разаслалі яе ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі
Міжнародныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі апошнія паўгода ня толькі прымалі адпаведныя заявы наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, але і зьвярталіся ва ўрадавыя структуры сваіх краінаў, каб тыя вялі перамовы зь беларускімі ўладамі
Адна з маіх замежных калегаў сказала, што цяпер Беларусь стала «тэрыторыяй свабоднага паляваньня» на журналістаў
І тыя, хто гэта робіць, ужо не зьвяртаюць увагі на тую зьнешнюю рэакцыю
Яны думаюць, што ўсё дазволена — Бога няма
Тое, што сёньня ўспрымаецца як дрэннае, заўтра можа выглядаць яшчэ ня самым горшым. Але пройдзе і гэта
Сытуацыя раней ці пазьней павернецца ў іншы бок
Шмат што можа паўплываць на сытуацыю: і ціск з боку ўсходніх партнэраў, і інфармацыйная небясьпека зь іх боку, і эканамічная сытуацыя
Але на найбліжэйшы час у мяне ня самыя аптымістычныя прагнозы
Карбалевіч КДК дае адну вэрсію пагрому Тut.by, а Міністэрства інфармацыі — зусім іншую
З «Газпрамбанкам», з Бабарыкам, была адна вэрсія — крымінальнае эканамічнае злачынства, хабар
А тут два ведамствы вылучаюць абсалютна розныя абвінавачаньні
Гэта дае асаблівыя падставы казаць, што рэч не ў падатках, што справа палітычная
Пасьля таго як вулічныя пратэсты спыніліся, улады агледзеліся і пачалі татальную зачыстку ўсёй палітычнай прасторы
Узяліся за адвакатаў, за Саюз палякаў, за праваабаронцаў, цяпер чарга дайшла і да найбуйнейшых мэдыйных рэсурсаў
Тut.by — самы вялікі незалежны інфармацыйны рэсурс
Для ўладаў было відавочна, што пагром Тut.by выкліча незадаволенасьць вялікай часткі грамадзтва
Парталам карысталася траціна беларускага грамадзтва, многія карысталіся поштай tut.by
Цяпер пытаньне, куды пойдзе гэтая траціна насельніцтва па інфармацыю. У Тэлеграм?
Мяркую, што адсутнасьць адказу на гэтае пытаньне стрымлівала ўлады ад рэпрэсіяў супраць парталу
Цяпер вырашылі, што няма чаго баяцца і саромецца, цяпер усё можна
Я ня думаю, што рэакцыя Захаду на пагром Тut.by будзе надта радыкальнай
Крокі Захаду ў адказ на рэпрэсіі ў Беларусі часткова былі зробленыя, часткова яшчэ будуць зробленыя
Магчыма, гэта паскорыць прыняцьцё чацьвёртага пакету санкцыяў ЭЗ, магчыма, у адказ гэты пакет санкцыяў будзе больш моцны
Магчымасьці Захаду ўплываць на беларускую сытуацыю цяпер абмежаваныя
Я пакуль ня бачу мяжы рэпрэсіяў, дзе ўлады могуць спыніцца
Рэпрэсіі захопліваюць усё новыя слаі грамадзянскай супольнасьці
Тут ёсьць псыхалягічны матыў — адпомсьціць усім, хто браў удзел у пратэстах мінулага году
Зь іншага боку, наперадзе электаральныя кампаніі — рэфэрэндум аб Канстытуцыі, мясцовыя выбары
Лукашэнка памятае, чым скончылася электаральная кампанія мінулага году, і ён ня хоча, каб гэтая сытуацыя паўтарылася
Таму ён хоча, каб да таго часу сытуацыя ў грамадзтве стала стэрыльнай, каб нэўтралізаваць усіх, хто здольны «баламуціць» народ
Што здарылася
Сілавікі прыйшлі ў цэнтральны і рэгіянальныя офісы кампаніі Tut.bу, а таксама ў афіліяваныя зь ёю Hoster.by і av.by. Вобшукі праводзіліся таксама і ў кватэрах журналістаў.
Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб ААТ «Тут Бай мэдыя» пачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Нібыта з 2019 году, калі ААТ стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў ПВТ».
Шэраг супрацоўнікаў парталу не выходзяць на сувязь, імаверна, што іх дапытваюць.
Дзьверы ў менскі офіс інтэрнэт-выданьня зафарбаваныя альбо залепленыя поліэтыленам. Па стане на 11.50 сайт перастаў працаваць.
Мінінфарм пацьвердзіў, што абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсу.