- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Яна прыехала ў вёску ў верасні і засялілася ў хатцы на пагорку каля студні — акурат насупраць хаты Васіля Ропата. «Зброд», — першае, што падумаў Ропат, які адчуваў інстынктыўную варожасць да ўсяго нетутэйшага, не мясцовага. Ён стаяў у сваім двары каля плота, нябачны, надзейна схаваны зараснікамі дзікіх сліў і, адхінуўшы калючую галіну, у прасвет назіраў за няпрошанай суседкай. Адсюль усё было відаць як на далоні. Студня, пагорак, голы двор, нават плотам не абнесены (сам Ропат разабраў яго і перацягаў на дровы), старая хатка, якую з незапомных часоў, колькі яна існавала, людзі чамусьці звалі «сахалінская», і ўсе, хто ў ёй жыў, кожная сям’я — а такіх на вяку Ропата памянялася не менш за дзясятак — аўтаматычна набывалі мянушку «сахалінцы»; і праўда — усе жыхары гэтай хаты былі крыху падобныя абліччам на тунгузаў ці якутаў: можа, цяклі ў жылах кроплі адной крыві, з’яўляліся яны якой далёкай раднёю, і іх, панасіўшы па свеце, прызямляла ў родным куце, а мо проста, пажыўшы тут, у адным месцы, у гэтых сценах, пакрысе набывалі паміж сабой падабенства — так з часам і сабакі робяцца падобнымі да сваіх будак. (фрагмент)