Больш за 470 000 еўра сабралі ўжо для палітвязняў і іх сем’яў
2023-07-30 16:04
Больш за 470 000 еўра сабралі ўжо для палітвязняў і іх сем’яў, збор сродкаў працягваецца. Напярэдадні, у суботу, 29-га ліпеня, адбыўся 12-гадзінны анлайн-марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі „Нам не ўсё адно!”
Трансляцыя вялася на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках буйных СМІ. Завяршала вялікі эфір радыё Ўнэт, яго падтрымалі музыкі Юры Стыльскі (Дай Дарогу!), Піт Паўлаў (N.R.M.), Atesta і Belarusian Truestory.
Працягвае галоўная рэдактар Ўнэт Вольга Сямашка:
– Скажу адразу, што было складана, таму што я ўсе 12 гадзін назірала за тым, як працуюць калегі і зразумела, што ўсе спрацавалі вельмі прафесійна. Я проста разумела тэмп, як гэта ўсё змянялася, дынаміка якая была, усе гэтыя пераключэнні. І таму перад намі была такая адказная задача, таму што ў нас быў канцэрт у студыі, жывы канцэрт. Гэта заўсёды непрадказальна, таму што могуць быць там нейкія накладкі і таму вельмі хвалявалася. Але вельмі рада, што мы паставілі такую яркую кропку.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя