Блогер і былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў: «Iнфармацыя пра акцыі салідарнасці ў калоніі даходзіць»
2023-06-13 12:24
Ён быў адным з ініцыятараў акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі ў Варшаве 21 траўня.
Былы палітвязень, блогер, цяпер член каманды ByPol Аляксандр Кабанаў лічыць, што неабходна арганізоўваць акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі таксама таму, што інфармацыя пра іх трапляе за краты, а гэта ў сваю чаргу падымае маральна-душэўны стан зняволеных.
Калі гаворка ідзе пра палітвязняў, то кожны можа адыграць сваю ролю – і беларускае грамадства, і еўрапейцы, і еўрапейскія палітыкі:
- Пасыл для нашага грамадства: не забывайце і дапамагайце сем’ям палітзняволеных, пішыце лісты, ладзьце акцыі. Справа ў тым, што інфармацыя пра акцыі салідарнасці ў калоніі даходзіць. Такія навіны моцна падымаюць маральна-душэўны стан чалавека. Другі пасыл – еўрапейцам і еўрапейскай палітыцы. Калі мы стаялі падчас першай акцыі 21 траўня – многія падыходзілі і не ведалі, што адбываецца ў Беларусі. А трэба, каб пра Беларусь яны ведалі як мага больш, пра рэжым Лукашэнкі. Асобны пасыл палітыкам. Так, ёсць тэма вайны з Украінай, але ёсць і тэма Беларусі. Калі яны спрабуюць гэтую тэму адвязаць ад гэтай падзеі, то гэта несправядліва і няправільна. Зняволеныя былі супраць вайны і палітыкі Лукашэнкі. Між іншым дзякуючы таму, што іх удалося пасадзіць, Расія здзейсніла агрэсію супраць Украіны з удзелам беларускай улады.
Аляксандр Кабанаў гаворыць, што група каля 70 былых палітвязняў аб’ядналася і ў планах ёсць афармленне канкрэтнай ініцыятывы, якая б аказвала дапамогу з адаптацыяй людзям, якія выйшлі з турмы і з’ехалі з краіны.
Поўная размова з былым палітвязняем - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав