Беластоцкая лекарка распавяла, як перахварэла каронавірусам
2020-11-07 21:09
Эпідэмія каронавіруса ў Польшчы не ідзе на спад, а наадварот, кожны чарговы дзень прыносіць рэкордныя вынікі.
Падляшскае ваяводства, дзе лік захворванняў значна адставаў ад вядучых рэгіёнаў, пачынае змяншаць розніцу. Учора больш за 900, сёння каля 600 новых хворых.
Мы паразмаўлялі з лекаркай Барбарай Пякарскай з Беластоку.
РР: Вы прайшлі праз гэтую хваробу, нават як лекар не змаглі ад яе засцерагчыся.
– Думаю, што як раз лекары маюць вялікі шанец захварэць. Кожны па меры магчымасці засцерагаецца і стараецца ўсё рабіць, каб да гэтага не дайшло. Я фактычна перахварэла, не магу сказаць, што гэта была цяжкая хвароба. Калі б усе хварэлі так, як я, то дай Божа.
РР: Па якіх сімптомах вы зарыентаваліся, што захварэлі?
– Я наогул не хварэю, можна сказаць. Працуючы з пацыентамі, мне здаецца, што кожны дзень чакала. Столькі хворых людзей, што я адчувала, што гэта дзейнічае, як нейкая прышчэпка. Па-першае, здзіўленне, што захварэла, а па другое, што захварэла ў ліпені. Па-трэцяе, сама хвароба выглядала інакш, чым усе дагэтуль. Можа яна не была цяжкая нейкая ў маім выпадку, але яна даволі доўга трымалася і дзесьці дзесяць дзён я была зусім слабая. Паколькі мне трэба было вяртацца да працы, тады яшчэ не было магчымасці зрабіць тэст, як сёння, што тэлефануеш лекару і ідзеш на другі дзень або на трэці робіш тэст. Тады нельга было нідзе дапрасіцца, толькі ўжо амаль паміраючы, каб зрабіць тэст. Я проста камерцыйны тэст зрабіла, бо падумала, бо падумала, што калі, напрыклад, я хворая, то буду сеяць гэтым каронавірусам на працы, сярод сяброў, маіх сямейнікаў і так далей.
Беларускае Радыё Рацыя