Беларусы зьняверыліся ў пратэстах, але не палюбілі Лукашэнку. Апытаньне Chatham House
2021-06-15 15:19
Як сёлета зьмянілася стаўленьне беларусаў да пратэстаў? Каго цяпер беларусы хочуць бачыць прэзыдэнтам краіны? Як незадавальненьне палітыкай Крамля адбілася на стаўленьні да Расеі і Пуціна?
Пра вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House расказаў у інтэрвію каналу Свабода Premium кіраўнік беларускага праекту брытанскага дасьледніцкага цэнтру Рыгор Астапеня.
АстапеняНайбольшыя зьмены тычацца таго, што беларусы зьняверыліся ў хуткай перамозе дэмакратычных сілаў над Лукашэнкам.
Раней палова апытаных падтрымлівала пратэст, зараз гэтая доля зьмяншаецца, павялічваецца колькасьць тых, хто адмаўляецца адказваць.
Павялічваецца колькасьць тых, хто спадзяецца, што Лукашэнка хутка сыдзе.
Але гэтыя зьмены не азначаюць, што людзі палюбілі Лукашэнку, што яны адмаўляюцца ад патрабаваньняў, якія яны падтрымлівалі ў верасьні, лістападзе і студзені.
Большасьць апытаных кажа, што не адчувае сябе ў небясьпецы, або не дае прамога адказу на пытаньне пра ўласную бясьпеку, толькі 32% кажуць, што адчуваюць сябе ў бясьпецы.
Вырасла колькасьць рэспандэнтаў, якія адмаўляюцца адказваць на пытаньні нашага онлайн-апытаньня, калі бачаць, што пытаньні пра палітыку.
Доля адмоваў манатонна расла зь першага, верасьнёўскага апытаньня.
Высьветлілася, што пра дату 17 верасьня, абвешчаную дзяржаўным сьвятам — Днём народнага адзінства — ведаюць толькі 18% беларускіх гараджанаў.
На захадзе краіны пра гэтую дату ведаюць каля траціны рэспандэнтаў, у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях пра яе практычна проста ня ведаюць.
Стаўленьне пераважнай большасьці грамадзтва да гэтай даты — абыякавасьць.
Тыя, хто пра дату ўсё ж ведаў, мяркуюць, што добра, што адбылося ўзьяднаньне Беларусі, незалежна ад гістарычнага кантэксту.
Але ў людзей няма пачуцьця сьвята, а для часткі людзей гэта трагедыя.
У Расеі ёсьць адпаведнае сьвята, якое мае антыпольскую подбіўку.
Магчыма, Лукашэнка лічыць, што трэба гуляць на расейскім дыскурсе і зрабіць нешта антыпольскае.
З пачатку году да красавіка давер да ўсіх грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў зьнізіўся.
У некаторых інстытутаў зьніжэньне на 1 адсоткавы пункт, але ніхто ня стаў карыстацца большым даверам, зьніжаецца давер да ўсіх.
«Антылідэры» даверу — ЦВК (14%) і дзяржаўныя СМІ (15%).
Сыстэма абапіраецца на гвалт, але даверу да яе няма.
Лукашэнку давярае кожны чацьвёрты апытаны.
Тыя, хто не давярае яму, часта не давяраюць ЦВК ці дзяржаўным СМІ, многія зь іх хочуць незалежнага расьсьледаваньня гвалту супраць пратэстоўцаў.
Сярод дзяржаўных інстытутаў найбольш высокім даверам карыстаецца войска.
Найбольшым даверам (каля 40%) карыстаюцца недзяржаўныя СМІ, праваслаўная царква і праваабарончыя арганізацыі.
Віктар Бабарыка стаў у нечым мітычнай постацьцю, можа, для палітыкі гэта ня так і кепска.
Ён успрымаецца як асноўны апанэнт Лукашэнку.
Ціханоўская і Калесьнікава карыстаюцца велізарным даверам, але прэзыдэнтам людзі ў большай ступені хочуць бачыць іншую асобу — Бабарыку.
Электарат Лукашэнкі вельмі кансалідаваны.
Бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі — Макей, Качанава — ня маюць прэзыдэнцкіх рэйтынгаў, прыхільнікі Лукашэнкі не пераносяць на іх сымпатыі да яго.
Галоўчанку, які прэм’ер ужо год, ведаюць толькі 27% гарадзкіх жыхароў.
Беларусы жывуць чаканьнем сурʼёзнага эканамічнага крызісу.
Тых, хто ўпэўнены, што крызісу ня будзе, толькі 9%.
У лістападзе 2020 году да Пуціна добра ставіліся 50% апытаных, у студзені сёлета — 58%, у красавіку — 56%.
Пры гэтым больш за палову кажа, што іх стаўленьне да прэзыдэнта РФ пагоршылася.
Беларусы не ўспрымаюць Пуціна як прычыну палітычнага крызісу ў Беларусі.
І яны навучыліся падзяляць Пуціна і Расею.
Для некага стаўленьне да Расеі вызначаецца стаўленьнем не да Пуціна, а да расейцаў Варламава і Каца, якія вельмі рашуча падтрымалі беларускія пратэсты.
Пагаршэньне стаўленьня да Пуціна абумоўлена ня толькі ягонай падтрымкай Лукашэнкі, але і дэградацыяй Расеі, тым, што шмат якія тамтэйшыя падзеі падобныя да беларускіх.
Стаўленьне беларусаў да Расеі досыць стабільнае.
Бліжэй за ўсіх паводле мэнтальнасьці беларусам менавіта расейцы.
За ўступленьне Беларусі ў ЭЗ — 9%, за саюз з Расеяй — 32%, за саюз з ЭЗ і з РФ адначасова — 46%, за варыянт па-за геапалітычнымі саюзамі — 13%.
Апошняя опцыя зьменшылася.
Большасьць (часам абсалютная, часам адносная) хацела б быць і з Захадам, і з Расеяй.
На практыцы тыя 32%, якія толькі за саюз з Расеяй, маюць палітычную перавагу над усімі астатнімі беларусамі.
Яны яшчэ доўга будуць дамінаваць у беларускім грамадзтве.
Беларусы ня хочуць быць прыфрантавой дзяржавай.
Беларусы аддаюць перавагу захаваньню status quo ў тых пазыцыях, якія яны лічаць абсалютна неабходным мяняць.
Гэтым і тлумачыцца нежаданьне амаль паловы рэспандэнтаў, каб Беларусь выйшла з АДКБ.
Шмат на каго паўплываў украінскі крызіс.
Многія лічаць, што бясьпечней быць у АДКБ, каб гарантаваць сабе бясьпеку і ад Расеі ў тым ліку.
Што было раней
Брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House з 20 да 30 красавіка 2021 правёў апытаньне 937 беларускіх гараджанаў. Апытаньне праводзілася онлайн (мэтад CAWI).
Паводле дасьледчыкаў, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, узросту, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.
Апытаньне праведзенае ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» (кіраўнік – Рыгор Астапеня), які рэалізуе Chatham House.
Гэта чацьвёртае падобнае дасьледаваньне за апошні год, папярэднія праводзіліся ў верасьні і лістападзе 2020 году, а таксама ў студзені 2021 году.