Беларускі адукацыйны праект Vasminoh: першыя вынікі працы
2023-05-19 12:43
Развіваць беларускую незалежную школьную адукацыю – галоўная задача праекта “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”. Праект стартаваў у пачатку года, і першыя вынікі яго працы падводзіць Госць Рацыі – кіраўнік “Васьмінога” Аляксей Канстанцінаў.
РР: Ці можам падвесці некаторыя вынікі працы за гэтыя месяцы? Тым больш, што вы правялі першы этап конкурсу адукацыйных праектаў.
– Вы маеце рацыю. Завяршыўся першы этап грантавага конкурсу, які з’яўляецца часткай нашага праекту. Мы абвясцілі пра конкурс у пачатку лютага і ў 20-х чыслах сакавіка завяршылі прыём заявак. Мы атрымалі 113 заявак і гэта даволі многа. З гэтага мы зрабілі выснову, што ёсць вялікая колькасць беларускіх адукацыйных устаноў ды ініцыятыў, як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі ў дыяспарах, якія актыўна дзейнічаюць, спрабуюць развівацца, і якім патрэбная падтрымка. Як мы гэта зразумелі? Мы пабачылі, што сума, запытаная заяўнікамі, у дзесяць разоў перавышала бюджэт нашага конкурсу, пры гэтым праекты дастаткова абаснаваныя ў тым сумах, якія яны запытваюць. Мы пабачылі, наколькі гэта вялікая праблема, наколькі гэта вялікі запыт, і пабачылі цэлы шэраг праблем, з якімі сутыкаюцца нашы беларускія адукацыйныя ініцыятывы. Конкурс быў складаны, з увагі на абмежаванасць нашага бюджэту, і ў выніку працы спачатку экспертнай групы, а потым адборачнай камісіі мы выбралі 15 праектаў. Гэта было фактычна дзесяць праектаў на месца як па месцах, так і па грашах. Экспертная група і камісія былі ў складанай сітуацыі. Было складана адмаўляцца ад нейкіх праектаў, але ў выніку лагічна выйшла, што большая частка заяўнікаў атрымала адмову. Як ёсць, гэта нашы актуальныя магчымасці, на жаль.
Адабраныя праекты атрымаюць падтрымку на агульную суму 285 тысяч 916 еўра. Гранты будуць вылучаны на наступныя адукацыйныя праекты:
– навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;
– стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;
– беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);
– распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;
– стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў; – падтрымка падлеткавага клуба;
– арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;
– падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.
Акрамя пералічаных напрамкаў, будуць падтрымлівацца навучанне настаўнікаў інавацыйным метадам выкладання.
Пры адборы арганізатары імкнуліся таксама ўлічваць “геаграфічны” прынцып, каб ініцыятывы, якія атрымаюць падтрымку, ажыццяўляліся ў розных краінах, а таксама ў Беларусі.
РР: Акрамя правядзення першага этапу конкурсу, за гэтыя паўгода што яшчэ атрымалася зрабіць, прынамсі з таго, што планавалася?
– Мы ў прынцыпе ідзём паводле плану, і планавалі некалькі напрамкаў актыўнасцяў. Першы вялікі блок прысвечаны аналітыцы і даследаванням, распрацоўцы рэформаў сістэмы адукацыі Беларусі. Гэты блок стартаваў, у нас зараз рэалізуюцца два поўнавартасныя даследаванні і плануюцца яшчэ некалькі. Пачала працу канцэптуальная лабараторыя па абмеркаванні гэтых рэформаў. То бок мы напрацоўваем па-ціху праектныя матэрыялы па блоку рэформаў і аналітыкі. Таксама другі важны наш напрамак – гэта адукацыйная інфраструктура. Мы павінны зрабіць лічбавую платформу, на якой маюць размяшчацца ўсе гэтыя матэрыялы, у тым ліку праекты, падтрыманыя ў межах грантавага конкурсу. Курсы, падручнікі, метадычныя матэрыялы, падкасты, відэа кантэнт. Мы цяпер актыўна завяршаем зборку такой платформы. Распрацоўшчыкі нам абяцаюць, што літаральна на наступным тыдні ў нас будзе першая рабочая версія платформы, ужо поўнасцю аформленая. Будзем яе далей шліфаваць, размяшчаць матэрыялы, нешта ўдакладняць Мы плануем, што за чэрвень і ліпень мы поўнасцю асвоім гэтую платформу, выкацім у адкрыты доступ, на ёй можна будзе размясціць матэрыялы, і такім чынам быць поўнасцю падрыхтаванымі да навучальнага сезону.
Аляксей Канстанцінаў падкрэслівае, што практычна амаль усе праекты ў межах “Васьмінога” будуць рэалізоўвацца на беларускай мове, у тым ліку платформа базава ствараецца на беларускай мове (па меры неабходнасці на ёй будуць дадавацца іншыя моўныя опцыі). Адна з асноў праекту – захаванне фокусу на беларусацэнтрычнасці.
Праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі ў партнёрстве Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, Офіса Святланы Ціханоўскай і Беларускай Рады Культуры. Вядома, што на развіццё праекта Vasminoh Еўракамісія вылучыла 1 млн еўра.
Цалкам размову з госцем слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя