Беларускі адказ Гары Потэру. Размова з Алесем Кудрыцкім
2023-06-05 14:05
З першых дзён з’яўлення гэтай кнігі яна стала беларускім бэстсэлерам. Бо выдавец Андрэй Янушкевіч назваў яе беларускім адказам Гары Потэру. Кніга называецца «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада», а яе аўтар – Алесь Кудрыцкі.
З ім паразмаўляў Алесь Аркуш.
РР: Ідэя напісаць такую кнігу – дзіцячую, фантастычную, казачную, – гэта даўняя ідэя?
Алесь Кудрыцкі: Ідэя даўняя. Гадоў 20 таму я ішоў па цэнтры Менска, выйшаў на ўзгорак на Верхнім горадзе, паглядзеў на Нямігу, і нешта мне прыйшло ў галаву: калі б гэтая падземная рака Няміга была б на тэрыторыі нейкага падземнага горада. Пасля гэтага падумаў: а хто б там жыў? Можа якіясць людзі? А потым падумаў: а можа не людзі, а звяры? Таму што ў горадзе Менску звяроў ужо няма, кудысьці яны ж падзеліся. Значыць, магчыма яны ў гэтым схаваным горадзе. Ну а пасля падумаў: а хто б гэты горад адкрыў? Ну, напэўна, нейкі хлопчык. І так нарадзілася ідэя, што гэтую гісторыю можна і запісаць. З таго часу я пісаў і пісаў, перапісваў, а ўжо дапісваў кнігу ва Украіне, выйшла яна ў Польшчы.
РР: Звычайна такія гісторыі і такія кнігі маюць працяг. Ёсць у думках працяг?
Алесь Кудрыцкі: Так. Працяг паціху я ўжо планую. Збіраю разам. Засталося толькі яго напісаць. Але цяпер у Польшчы трэба трэці раз па-новаму збіраць разам сваё жыццё, таму гэта ўжо пытанне нейкай аўтарскай самадысцыпліны, трэба знайсці час і дапісаць.
РР: Звычайна такія гісторыі атрымліваюць працяг яшчэ ў кінематографе, у мультыплікацыі. Гэта магчыма ўвогуле з беларускай кнігай?
Алесь Кудрыцкі: Паглядзім. Гэта пытанне, на якое я не магу адказаць, таму што тут ужо мяч будзе на полі іншых гульцоў. Паглядзім, ці зацікавіць каго гэтая кніга, напрыклад, выдаўцоў тут, у Польшчы. Тады можа гэта стала б пачаткам пашырэння на іншамоўныя сферы. Напэўна, гэта далёкая перспектыва. Але хто яго ведае.
Цалкам размова.
Беларускае Радыё Рацыя