Беларуская айцішніца ў эміграцыі: Працягваем жыць нібы ў Беларусі
2023-07-11 14:28
У спадарыні Юлі, як для гарадской жыхаркі, вельмі натуральная беларуская мова з сакавітым вымаўленнем.
Спадарыня Юля перш чым інтэгравацца ў польскае асяроддзе наладзіла на новым месцы беларускі лад жыцця і адчувае, што гэта патрэбна не толькі ёй.
Усё пачалося ў 2010-м
Спадарыня Юля – мама дваіх дзетак. Разам з мужам і з сынамі перабраліся ў Польшчу пасля пачатку вайны ў 2022 годзе. Яны – мінчане, у абаіх вышэйшая адукацыя, зараз працуюць у ІТ-сферы. Бралі ўдзел у акцыях пратэсту, спрабавалі знаходзіцца ў Мінску да апошняга, але стала зразумела, што заставацца на радзіме больш невыносна.
У спадарыні Юлі, як для гарадской жыхаркі, вельмі натуральная беларуская мова з сакавітым вымаўленнем. Яна распавядае, што да беларушчыны прыйшла пасля 2010 году. Была яшчэ студэнткай і згадваецца, як сядзела і плакала за сваіх сяброў, якіх арыштавалі на акцыях пратэсту.
Ужо тады разам з сябрамі праз сацыяльныя сеткі арганізавалі суполку «Вечарыны беларускай мовы», дзе і стварылі сваё беларускае асяроддзе.
-Гэта беларускае асяроддзе дало мне вельмі шмат: разуменне краіны, разуменне таго, хто мы, беларусы, чым адрозніваемся ад іншых. І дало мне шмат сяброў і майго мужа (смяецца). Было вельмі цікава ўдзельнічаць у розных беларускіх ініцыятывах, дазнавацца пра культуру, пра гісторыю. І Беларусь была для мяне не нейкай часткай іншага свету, а самастойная, асаблівая, цудоўная краіна.
Ужо тады арганізоўвалі вечарыны беларускай мовы, пачалі ствараць філіялы клубу ў розных гарадах Беларусі, ездзілі туды, прымалі гасцей у сталіцы, навязвалі кантакты, дзяліліся досведам і ўражаннямі. І зусім натуральным было тое, што ў жніўні 20-га яны з мужам і з тысячамі мінчан былі на вуліцах свайго гораду.
Людзі сапраўды ўбачылі адзін аднаго
Яшчэ перад выбарамі, калі праводзіўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, у спадарыні Юлі было шмат надзей на будучае, бо ў паветры ўжо нешта лунала, людзі на сталічных вуліцах былі ўзбуджаныя і адчуваўся накал.
Асабліва цікава было назіраць, паводле маёй суразмоўніцы, за былымі знаёмымі, якія ніколі раней ні мелі дачынення да беларускіх спраў.
-І тут яны такія шчаслівыя: во, мы, белы бранзалет адзелі, табе там людзі ўсміхаюцца, табе машыны сігналяць. І гэта было для іх такое адкрыццё – людзі сапраўды ўбачылі адзін аднаго.
Спадарыня Юля згадвае, што ўжо ў дзень выбараў аддалі з мужам дзетак бацькам, а самі пайшлі з усімі… Шмат разоў былі ў кроку ад дубінкі і аўтазака, але, як сур’ёзна заўважае спадарыня, іх бараніў анёл-заступнік.
Гэта было ў кожным з нас
І цяпер з вышыні мінулага часу яна глядзіць на тыя падзеі, як на нешта незвычайнае ў гісторыі сваёй краіны.
-Я лічу, што гэта лепшае, што магло здарыцца з беларусамі. Канешне, я не маю на ўвазе той гвалт, здзекі з людзей і страляніну, катаванні. Не. Я маю на ўвазе тое абуджэнне і мірныя акцыі пратэсту. Гэта было проста цудоўна і гэтыя адчуванні нікуды ні дзець, ні змыць, ні забыць. І я думаю, што гэта жыве не толькі ў ва мне, а і ў астатніх.
Цяпер пераасэнсоўваючы тыя падзеі, спадарыня кажа, што дагэтуль абмяркоўвае іх з мужам і сябрамі, лічыць, што тады ўсё было зроблена правільна і людзі зрабілі тады ўсё, што маглі – захавалі да канца мірны пратэст і паказалі свету, што яны мірныя людзі і цывілізавана адстойваюць сваё права на свабоду.
-Гэта было так, як павінна было быць. Гэта было ў кожным з нас. І гэта было не тое, што нехта па метадычках нас навучыў, паказаў і расказаў. Гэта было тое, якія мы ёсць…
Хацелася, каб дзеці раслі свабоднымі людзьмі
Мая суразмоўніца распавядае, што доўга збіраліся, каб ад’ехаць, чакалі перамен, жылі гэтым, бачылі, што настроі людзей не змяняюцца. І потым, тут былі ўсе блізкія, сябры…
-Але мы вырашылі, што ўсё ж паедзем. Было шмат фактараў на карысць гэтага. Не хацелася падаткі плаціць гэтай уладзе і дзіця трэба было аддаваць у школу і не хацелася аддаваць яго ў беларускую школу, бо адукацыя ў Беларусі не змяняецца да лепшага. Не хацелася дзяцей акунаць у гэта лайно. Хацелася, каб яны раслі свабоднымі шчаслівымі людзьмі.
Працягваем жыць нібы ў Беларусі
У Польшчы, паводле спадарыні, абжыліся хутка, бо прыехалі сюды ўжо з сябрамі і з працай, хутка знайшлі кватэру з дапамогай беларусаў. Нібы ўсё нармальна, але нешта і страчана і псіхалагічна няпроста.
-У цябе канешне адкрываецца тут неверагодны свет падарожжаў, лаўкостаў і ўсяго такога. Але гэта не параўнаць з тым, што ты проста абудзіўся – захацеў паехаў у вёску, захацеў сустрэўся з мамай…
Няпроста давялося і старэйшаму сыну, які пайшоў у першы клас, паколькі мовы зусім не ведаў. Але, як заўважае яго мама, за паўгады здолеў асвоіцца і падцягнуцца да ўзроўню сваіх аднакласнікаў. У яго цяпер шмат сяброў сярод польскіх дзяцей, паколькі ў класе ён толькі адзін беларус.
А вось спадарыня Юля разам з мужам працягваюць жыць нібы ў Беларусі. Яны працуюць дома, а таму сумоўя з палякамі не так і шмат. Польскую мову таксама яшчэ толькі вучаць, пры патрэбе карыстаюцца англійскай.
-Мы жывём ва ўнутранай эміграцыі прыкладна таксама, як і ў Беларусі. Адчуванне вельмі падобнае, бо калі ты ў Мінску выходзіш на вуліцу там усе размаўляюць на чужой мове. Ты проста ведаеш, што гэта твой горад, ты тут нарадзіўся. А людзі па-сутнасці невядома – хто свой, хто чужы. Тое самае і ў Польшчы: выходзіш на вуліцу і ўсе размаўляюць на чужой мове.
Мая суразмоўніца прызнаецца, што яе ад пачатку цягнула ў беларускае асяроддзе, а таму арганізавала «Беларускі размоўны клуб», дзе беларусы, неабыякавыя да роднай мовы могуць прыйсці і паразмаўляць з аднадумцамі на розныя тэмы, пазнаёміцца, знайсці сяброў. Наагул, паводле яе, вакол беларускамоўных запрацавалі самыя розныя ініцыятывы.
-Калі людзі беларускамоўныя пачалі збірацца і размаўляць адразу паўсталі розныя ініцыятывы. А давайце імшу на беларускай мове будзем праводзіць, а давайце хор арганізуем і будзем песні беларускія спяваць. Потым арганізавалі ініцыятыву «Еш, прамаўляй, сябруй» і іншыя.
Людзі згуртаваліся і на гэтай беларускамоўнай аснове пачалі рабіць усё, што ім цікава.
Кожны панядзелак збіраюся дадому…
Спадарыня Юля кажа, што на жыццё скардзіцца не даводзіцца, хаця імкнуцца жыць ашчадна, у прынцыпе ні ў чым вялікай патрэбы не маюць. Адзінае, прызнаецца, што кожны панядзелак збіраецца ў Мінск дадому, а муж жартуе, што ні хоча яе туды на тры гады адпускаць.
У іх бацькоў няма візаў, а таму з родных таксама ніхто не прыязджаў, час ад часу завітваюць сябры. А таму бабулі і дзядулі сумуюць па ўнуках, а яна ў сваю чаргу па іх.
-Я адчуваю, што мяне ад каранёў адарвалі, кудысьці перанеслі і ў гаршчок пасадзілі. А мне хочацца ў тую вёску, дзе жылі мае продкі 400 гадоў дакладна.
Вы вернецеся ў Беларусь, калі ў вас будзе такая магчымасць?
-Я вельмі хачу вярнуцца, праўда, не магу загадваць калі гэта атрымаецца. Я наагул не думала, што давядзецца з’ехаць. Але пакуль: калі жыць, то жыць у Беларусі. Калі будзе выбар, то я б хацела вярнуцца дадому.
Павел ЗАЛЕСКІ