Беларус напісаў кнігу пра беларускія замовы з паэзіяй, якая робіць іх сучаснымі
2025-01-22 21:35
24 студзеня выйдзе самвыдатная кніга «ласачка-босачка» пра калектыўныя практыкі дапамогі і паэзію, якая прапануе новы погляд на беларускія замовы, піша citydog.io.
Аўтар кнігі — мастак Ула Кароткі, які родам з Мінска, а цяпер жыве ў Брэмене і Гронінгене. Ён вядомы як стваральнік медыя «Забі зяпу» і сустваральнік праекта Eastern Queerope, прысвечанага гісторыі квір-людзей Усходняй Еўропы.
Што гэта за кніга?
Асновай для кнігі сталі запісы прабабулі аўтара, Бабы Мані, якая жыла ў вёсцы Рухава Старадарожскага раёна і лячыла людзей замовамі. На працягу дзесяці гадоў яна спрабавала перадаць свае веды дачкам і ўнучкам, але іх запісала толькі адна сваячка з Масквы.
Запісы заставаліся схаванымі больш за 20 гадоў. У студзені 2024 года Ула атрымаў гэтыя тэксты, але сям’я забараніла іх публікацыю, спасылаючыся на страх за здароўе і павагу да традыцый.
У кнізе аўтар разважае над тым, што беларускія замовы — гэта не проста словы, а жывая калектыўная практыка, якая існуе толькі праз сумеснае прачытванне і перажыванне. Ула разам з іншымі паэтамі ладзіў анлайн-сустрэчы, на якіх яны калектыўна чыталі запісы Бабы Мані, даследуючы іх гучанне і сэнс.
У стварэнні кнігі ўдзельнічалі пісьменнікі і паэты розных стыляў, сярод іх
Тоні Лашдэн,
Ганна Комар,
Цімур Кудзеліч,
Слава Кміт і
Вікця Удовіна. У кнізе прадстаўлены 15 замоўных тэкстаў і тры эсэ Улы: пра сам эксперымент, пра прызначэнне і пра ўплыў савецкай палітыкі на вёску Рухава і яе культурную памяць.
Кнігу «ласачка-босачка» можна заказаць на спецыяльным
сайце, а калі вы ў Беларусі, дык
тут.