Беларуская літаратура па-ранейшаму застаецца бадай што самай невядомай у Еўропе. Але дзякуючы асобным літаратуразнаўцам, якія працягваюць упарта вывучаць прыгожае пісьменства Беларусі, працэс пашырэння ведаў не спыняецца і дае надзею.
Сярод гэтых літаратуразнаўцаў – прафесар, доктар габілітаваны, загадчыца кафедры рускай, украінскай і беларускай літаратуры ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ і сённяшні Госць Рацыі –
Беата Сівэк. З ёй паразмаўляў
Алесь Аркуш.
РР: Як Вы зацікавіліся беларускай літаратурай? Я ведаю, што няшмат літаратуразнаўцаў у Польшчы, якія займаюцца вывучэннем беларускай літаратуры. Якая Вашая гісторыя?
Мая гісторыя гэта яшчэ 90ыя гады, калі я была студэнткай другога курсу беларускай філалогіі, і паехала ў Менск на летнюю школу беларускай культуры, якая арганізоўвалася ўпершыню. Гэта было здаецца на працягу ліпеня-жніўня 1991 года. Тады атрымала ад аднаго з мовазнаўцаў, прафесара Барташэвіча, зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Шыпшына». Там былі вершы і з яго першага зборніка, і пазнейшыя творы, у тым ліку і расейскамоўныя.
Магу сказаць, што гэты зборнік меў вялікі ўплыў на маё далейшае жыццё, таму што потым вярнулася з Менска са шматлікімі кнігамі, асабліва паэтычнымі. Гэта таксама паўплывала на выбар маёй магістэрскай працы, таму што я пісала пра «каханне і смерць» у паэзіі Максіма Багдановіча, Напэўна вялікі ўплыў на гэта меў мой настаўнік, прафесар
Александр Баршчэўскі, які прыязджаў у наш універсітэт кожныя 2 тыдні.
Ён таксама прывозіў з сабой кнігі белавежцаў. Я яшчэ як студэнтка пісала такія кароценькія артыкулы для
Ніны Баршчэўскай, яны публікаваліся ў беларускім радыё, і яны былі прысвечаныя творчасці Алеся Барскага. Потым я зацікавілася і іншымі паэтамі: Янам Чыквіным,
Надзеяй Артымовіч,
Віктарам Шведам. І вось так атрымалася доктарская дысертацыя, якая была прысвечаная таксама паэзіі.
Слухайце размову цалкам у далучаным файле.
Беата Сівэк, хоць і завяршыла свае даследаванні беларускай літаратуры Падляшша, але застаецца сябрам навуковай рады “Białorutenistyki Białostockiej”.
Беларускае Радыё Рацыя