Батумі: паседжанне гістарычнага клубу прысвяцілі Янушу Радзівілу
2023-04-29 14:48
28 красавіка 2023 году ў беларускім гістарычным клубе ў грузінскім Батумі, які ўжо традыцыйна адбываецца ў многафункцыянальнай прасторы „аКсяродак”, абмяркоўвалі постаць Януша Радзівіла.
Пра гэтага вайсковага і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ беларусам распавядаў беларускі рэканструктар Юры Браўэр.
– На маю думку, гэта вельмі добры беларус. Мы размаўляем менавіта пра яго нацыянальныя інтарэсы. То я лічу, што для інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага, і калі казаць пра сённяшнюю Беларусь, то і для Беларусі ён рабіў вельмі важныя рэчы – для гістарычнага лёсу ў будучыні і для сучаснасці, у якой ён жыў.
Культурніцкі дзеяч Зміцер «Вожык» Зайко падзяліўся сваім поглядам наконт сустрэчы пра Януша Радзівіла:
– Гэта адна з самых яскравых постацяў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. З такой выразнай пазіцыяй. Аднак побач з гэтым даволі супярэчлівая фігура. І мне было цікава пераасэнсаваць тыя факты, якія я пра яго ведаў, і таксама хацеў замацаваць свае веды больш сур’ёзнай, грунтоўнай інфармацыяй пра яго постаць.
Гістарычны клуб ў грузінскім Батумі за паўгады існавання закрануў вялікую колькасць розных тэмаў. Тут ужо размаўлялі і пра ўдзел беларусаў у вайне 1912 году, пра СБМ і БКА, пра падзеі жыцця беларускай эміграцыі ў свеце.
Беларускае Радыё Рацыя