Барыс Гарэцкі: Улады вырашылі збіць хвалю пратэста
2020-06-22 19:44
Апошнімі днямі ўлады абрынулі рэпрэсіі на ўдзельнікаў вулічных перадвыбарчых пратэстаў. Сярод затрыманых апынуліся і журналісты.
Абвастрэнне сітуацыі вакол СМІ абмяркуем з госцем Рацыі, намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім.
Радыё Рацыя: У Беларусі перадвыбарчая кампанія збору подпісаў нечакана для ўсіх, і для ўладаў у тым ліку, вылілася ў шэраг масавых акцый у Менску, якія прайшлі ў апошнія дні збору подпісаў. На вуліцы 19-20 чэрвеня выйшлі тысячы людзей, патрабуючы вызвалення прэвентыўна затрыманага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, а таксама шматлікіх сябраў яго каманды і каманды Святланы Ціханоўскай. Улады адказалі жорстка, былі затрыманыя, як зараз высвятляецца больш 250 чалавек па ўсёй краіне. І адначасова адбыліся затрыманні журналістаў. Дастаткова шмат нашых калегаў патрапілі ў міліцэйскія пастарункі. Такое адбылося можа ўпершыню за тры гады, з 2017 года.
Барыс Гарэцкі: Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе здарэнні, якія адбываюцца з журналістамі. Я б не сказаў, што затрыманні адбываліся павальна, і людзей хапалі ўсіх, хто знаходзіўся на вуліцах. Я сам быў на месцы падзеяў і бачыў, як дзейнічаў АМАП спачатку. Гэта было нібыта запалохванне. Людзі ўпэўнена стаялі і не хацелі разыходзіцца. І тады, напэўна, быў дадзены загад разагнаць і затрымаць людзей у тых месцах, дзе яны найбольш сабраліся. За ўвесь мінулы тыдзень было затрымана ў Беларусі 16 журналістаў, толькі ў пятніцу было затрымана 12 нашых калегаў, як у Менску, так і ў Магілёве, Бабруйску, Гомелі. Я думаю, што ўлады проста вырашылі для сябе падавіць гэты пратэст. Яны спалохаліся першага дня. Другі дзень быў яшчэ больш эфектны, яшчэ больш адчувальны, і быў дадзены загад проста збіць хвалю – затрымаць некалькі сотняў дэманстрантаў і паказаць сілу журналістам, якія гэта ўсё асвятляюць, таму што стрымы, якія вялі нашы калегі, іх глядзела нейкая неверагодная колькасць людзей, я заўважыў, што ў час затрымання журналісткі Радыё Свабода Аляксандры Дынько, у гэтыя самыя хвіліны, стрым глядзела 50 тысячаў чалавек. Гэта толькі Радыё Свабода. Не кажучы пра ўсе астатнія. Таму маем 16 за мінулы тыдзень затрыманых – 12 у пятніцу, 2 чалавекі ў Ганцавічах былі затрыманыя ў суботу, вельмі жорстка. Яны па-ранейшаму за кратамі. І сёння будуць над імі суды.
Радыё Рацыя: Дарэчы ўлады паспрабавалі парушыць працу інтэрнэту ў Менску, былі моцныя збоі, як раз тады, калі затрымлівалі Аляксандру Дынько і іншых журналістаў.
Барыс Гарэцкі: Гэта вялікая стратэгія збіцця хвалі. У прынцыпе, калі паглядзець на сітуацыю, то ўлада прадпрымала крокі ў найбольш важных для пратэсту месцах. То бок, затрыманы найбольш актыўныя ўдзельнікі, затрыманы журналісты, якія падавалі інфармацыю пра пратэсты, і глабальна былі створаны перашкоды для сувязі, каб людзі не атрымлівалі і не распаўсюджвалі інфармацыю. Была праведзена такая спецаперацыя ў краіне. У краіне, якая перастала давяраць афіцыйным лічбам, перастала падтрымліваць апошнія падзеі, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай сферы, і вырашала выказаць свой пратэст. Улады проста такім чынам збілі хвалю.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота disright.org