Аўтар дзяржаўнага гімна і нобэлеўская ляўрэатка. Хто кіраваў пісьменьніцкімі арганізацыямі, якія рэпрэсуе рэжым Лукашэнкі
2021-07-23 22:06
Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ПЭН-цэнтар, дзьве найстарэйшыя літаратурныя арганізацыі, трапілі пад рэпрэсіі. Расказваем пра іх.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі. Была заснаваная ў 1933–1934 гадах.
Першым старшынём СБП быў пазьнейшы аўтар словаў дзяржаўнага гімна Беларускай ССР — «Мы, беларусы» — Міхась Клімковіч. Ён кіраваў арганізацыяй з 1932 па 1937 гады.
Сябрамі СБП былі: Якуб Колас, Янка Купала, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Іван Мележ, Уладзімер Караткевіч, Андрэй Адамовіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і іншыя знакамітыя беларускія літаратары.
19 сябраў СП маюць званьні народных пісьменьнікаў і паэтаў; 3 — народных артыстаў; 41— заслужаных дзеячоў культуры Беларусі; 10 — заслужаных дзеячоў навукі. 101 сябар арганізацыі — ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Пры Аляксандру Лукашэнку арганізацыя паступова страчвала сваю маёмасьць — рухомую і нерухомую. Былі адабраныя будынак Дома літаратара ў Менску, літаратурна-грамадзкія пэрыядычныя выданьні, якія засноўваў Саюз. Таксама арганізацыю пазбаўлялі юрыдычнага адрасу, а неляяльных рэжыму сяброў саюзу звальнялі з працы.
У 2005 годзе як альтэрнатыва СБП быў створаны праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца.
СБП мае больш за 450 сяброў.
Беларускі ПЭН-цэнтар
23 ліпеня стала вядома, што ўладамі прынята рашэньне аб яго ліквідацыі.
Беларускі ПЭН-цэнтар быў створаны ў 1989 годзе і зарэгістраваны Мінʼюстам РБ у 1990 годзе.
Як сябар Міжнароднага ПЭН-клюбу Беларускі ПЭН-цэнтар мае статус «А» ў UNESCO і дарадчы статус у ААН.
Заснаваў дзьве штогадовыя літаратурныя прэміі: прэмію імя Алеся Адамовіча і прэмію імя Францішка Багушэвіча. Зьяўляецца сузаснавальнікам іншых значных літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі Ежы Гедройця.
У розныя гады прэзыдэнтамі Беларускага ПЭН-цэнтру былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў, Андрэй Хадановіч, Тацяна Нядбай.
З 2019 году яго ўзначальвае нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Беларускі ПЭН-цэнтар вядзе маніторынг парушэньняў правоў культурных дзеячоў. За пэрыяд са студзеня па чэрвень 2021-га было зафіксавана 621 такое парушэньне.