- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першыя два месяцы лета аказаліся багатыя на падзеі. Галадоўка апазыцыйных палітыкаў з патрабаваньнямі зьменаў у Выбарчы кодэкс была спробай перахапіць ва ўлады ініцыятыву. I калі б галадоўшчыкі атрымалі большую грамадзкую падтрымку, відавочную, а не маўклівую, дык і вынікі акцыі маглі б быць іншымі. Але рэжым не ідзе ні на якія саступкі ў справе выбарчага заканадаўства - страх страціць уладу пераважае здаровы сэнс. Таму ягоныя спробы наладзіць татальны кантроль над грамадзтвам будуць працягвацца. Галоўнай апазыцыйнай акцыяй лета мусіла стаць адзначэньне 10-х угодкаў прэзыдэнцтва А. Лукашэнкі. Але наіўна было спадзявацца на цуд, таму і ня было 21 ліпеня на вуліцах Менску дзясяткаў тысяч дэманстрантаў. Апатыя людзей і нявер'е ў здольнасьць апазыцыі зьмяніць сытуацыю ў краіне рэгулярна і актыўна падтрымліваюцца, умацоўваюцца афіцыйнай прапагандай. Зусім невыпадкова напярэдадні адбылася чатырохгадзінная прэсканфэрэнцыя Лукашэнкі, якая была поўная абразаў і пагрозаў у бок дэмакратычных сілаў і іх лідэраў.