— Грамадзянскую вайну мне складана ўявіць, таму што ў наш час
грамадзянскія войны праходзяць па нейкіх лініях расколу ў грамадстве:
адчувальнага расколу геаграфічнага, расколу этнічнага, расколу
рэлігійнага, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Арцём Шрайбман. — Нічога
падобнага ў Беларусі няма. Я не ўяўляю, якім чынам можна зладзіць у Беларусі грамадзянскую вайну, калі няма зразумелых, бачных ліній падзелу. Вы што, паведзяце Шклоў на Новую Баравую? Дый ці знойдзеце вы ў Шклове так шмат шчырых людзей, якія захочуць забіваць людзей з іншага боку? Супрацьстаянне сілавікоў з пратэстоўцамі, з незадаволеным народам — гэта не грамадзянская вайна, гэта дзяржаўны гвалт.
Сітуацыя са слабым міграцыйным кантролем на беларуска-літоўскай мяжы вымушае жадаць лепшага: літоўскі бок штодня затрымлівае мінімум некалькі дзясяткаў мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу з боку Беларусі. Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс нават заявіў, што Беларусь вядзе з Літвой гібрыдную вайну. А ці так гэта?
— "Гібрыдная вайна" для кожнай краіны значыць нешта сваё, таму я не люблю гэтыя ярлыкі. Гэта асіметрычныя санкцыі з боку Беларусі, спроба максімальна падвысіць для Літвы кошт яе жорсткай пазіцыі па Мінску, па ўзаемадзеянні з беларускім рэжымам, — працягвае палітычны аналітык. — І гэта, на мой погляд, даволі неперспектыўна, таму што я не бачу сітуацыі, у якой літоўскія палітыкі кажуць, маўляў, "а давайце мы пагодзімся, што на Лукашэнку не варта ціснуць, таму што ён да нас мігрантаў засылае".
Хутчэй, рэакцыя будзе абсалютна адваротнай. Па-першае, унутры Літвы галасы, якія выступаюць за яшчэ большыя санкцыі супраць Мінска, будуць гучаць мацней. Ужо нават літоўская апазіцыя крытыкуе ўрад за мяккасць. Да таго ж будзе большы ціск Літвы на Еўрасаюз для ўвядзення новых санкцый, дый сама Літва можа ўвесці ўласныя санкцыі. Нядаўна літоўскія еўрадэпутаты казалі, маўляў, "а чаго мы прапускаем беларускія грузы ў Клайпеду? Яны супраць нас вядуць гібрыдную вайну, а мы тут возім іх калій".
Не выключана, што ўлады могуць прыбраць і адсунуць на задні план усіх, хто хоць неяк нязгодны з цяперашнім рэжымам. Што тады — сістэма спыніцца або пачне есці сама сябе?
— Калі канчаюцца "ворагі", рэальныя апаненты ўлады, калі заканчваецца грамадзянская супольнасць і СМІ, улада, відавочна, будзе шукаць сабе новых ворагаў. Ты будзеш пачынаць шукаць "здраднікаў" унутры сістэмы — гэта паказвае і савецкі досвед, калі пасля кансалідацыі сталінскага рэжыму перайшлі ў першую чаргу да пошуку ворагаў унутры. "Шукаць ворагаў трэба заўсёды" — цяпер такі фармат існавання сістэмы. "Цмок хоча есці" — даводзіцца знаходзіць, каго есці.