Арганізатар фестывалю BULBAMOVIE: беларускія фільмы як італьянскія spaghetti western
2024-11-22 19:49
Ёсць беларускае маладое кіно, але яно не з Беларусі: шмат фільмаў даслалі беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве і ў іншых краінах Еўропы. З 22 па 24 лістапада ў Варшаве праходзіць юбілейны, 10-ты фестываль беларускага кіно BULBAMOVIE.
У нашу студыю завітаў арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк, якога мы папрасілі распавесці пра гісторыю гэтай падзеі і сёлетнюю праграму.
- Амаль за кожным разам ёсць што паказаць, хаця такая сітуацыя з беларускім кіно, як казаў Максім Жбанкоў, беларускі кінакрытык, што беларускага кіно няма, але яно ёсць. Час ад часу дзесьці выскоквае.
Калі мы размаўлялі каля трох месяцаў таму, ты казаў, што пакуль няма заявак на конкурс беларускага маладога кіно, што трэба будзе пісаць людзям, каб яны прапанавалі пад мянушкай фільмы. Ці нешта змянілася? Ці ёсць прапановы? Ёсць беларускае маладое кіно?
- Ёсць беларускае маладое кіно, але яно ўжо не з Беларусі, бо шмат фільмаў даслалі да нас беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве і ў іншых краінах Еўропы, а не з Беларусі, магчыма таму, што наш фанпэйдж беларускі суд прызнаў экстрэмісцкім. Смешна, канешне, але гэта ўсё ж уплывае, людзі з Беларусі баяцца паказваць фільмы на такім фестывалі.
Тым не менш, ці было што выбраць, ці ёсць новыя прапановы, ці толькі фільмы, якія былі знятыя раней?
- У нас фестываль заўсёды падзелены на дзве праграмы. Галоўная праграма — гэта больш прызнаныя фільмы, якія ўжо пабывалі на міжнародных фестывалях. А другая рэч — гэта конкурс маладога беларускага кіно, каб шукаць новых твараў. Гэта не мусіць быць суперкрута, прафесійна знята, але каб там штосьці было, што аўтар мае сказаць — новую ідэю. І ў гэтым годзе прыйшло, здаецца, трыццаць фільмаў. Мы выбралі дзесяць — пяць дакументальных і пяць ігравых. Я запрашаю ў суботу і ў нядзелю ў кінатэатр «iluzjon».
Януш Гаўрылюк у студыі Польскага радыё.
Якая тэматыка сёлетніх фільмаў?
- Тэма суму за радзімай, страчанай радзімы. Эміграцыя і праблема сувязі са сваімі роднымі, якія засталіся ў Беларусі. Раней маладых людзей у Беларусі зусім не цікавіла, што вокал іх адбываецца. Яны не хацелі гэтага бачыць. І фільмы, большаць фільмаў, якія яны стваралі, гэта быў поўны абстракцыянізм. Цяпер ім прыйшлося выйсці з зоны камфорту.
Яшчэ хацела спытаць пра назоў, ведаю, што ўжо шмат ён абмяркоўваўся, але, можа, не ўсе нашы слухачы пра гэта ведаюць. Ён выклікаў на пачатку шмат рознагалосся. BULBAMOVIE — гульня слоў, бо па-польску mówi — гэта гаворыць, па-ангельску movie — фільм. Ну, і беларуская бульба.
- Мы змагаліся пару гадоў, спрачаліся з людзьмі, якім вельмі не падабаўся гэта назоў. Я думаю, што гэтая тэма скончаная. Не падабаецца людзям, якія не разумеюць кантэксту. А што дрэннага ў слове «бульба»? Гэта проста агародніна. Дрэннае слова «бульбаш». Такая моўная асацыяцыя. Але калі камусьці асацыюецца «бульба» з «бульбашом», значыць, у яго нейкія праблемы, але гэта не мае праблемы. Ёсць фільмы, якія ствараліся ў Італіі, іх называлі spaghetti western, якія нашмат лепшыя, чым амерыканскія галівудскія прадукцыі.
Акрамя фільмаў, будуць і дыскусіі, сустрэчы, абмеркаванне стужак.
- Так, частка аўтараў прыедуць, частка будзе анлайн. У суботу запрашаю на паказ фільма «У тумане» Сяргея Лазніцы на аснове прозы Васіля Быкава. Гэта стары фільм, але вельмі актуальны. Я сам яго пагляджу. Ну і, канешне, у суботу вечарам — After Party Bulbamovie 24 на сцэне Chmielna, сапраўды варта там быць, бо будзе цікавая неспадзеўка.
Кінапаказы ў рамках фестывалю BULBAMOVIE адбываюцца ў варшаўскім кінатэатры Iluzjon.
Размаўляла Наталля Грышкевіч
Слухайце далучаны гукавы файл