«Apošnija Tancory» – першы беларускі кліп, створаны па тэхналогіі Unreal Engine 5
2023-10-13 22:17
Гурт Sož прадстаўляе кліп на загалоўную песню з дэбютнага міні-альбома "Apošnija Tancory" - працяг хаўруса з лічбавым мастаком Al Medwedsky, які ў 2020 годзе ўвасобіў дэбют каманды, сінгл Malako, у містычнай анімацыі.
Гэтым разам “пятага ўдзельніка” калектыва можна пабачыць у відэа разам з пост-панк музыкамі. Адметнасць новай графічнай працы — тэхналогія Unreal Engine 5.0, на якой на сённяшні дзень створана вобмаль кліпаў у глабальным свеце. Цяпер і Беларусь не адстае.
Новы кліп гурт каментуе так: “Пусты танцпол на філасоўскім параходзе. Пусты танцпол у рэстаране «Галактыка». Апошнія танцоры працягваюць. Беларускае чаканне Калядаў-2023. Пачаўшы вандроўку ў акваторыі Сажа, цяпер мы апынуліся ў адкрытым акіяне.
"Мы так моцна змяніліся, мы не змяніліся ані кроплі", — галоўная мантра песні. Кліп - своеасаблівы "філасофскі параход", які ўжо колькі гадоў нясе многіх беларусаў праз штармы рэвалюцыі, вайны і эміграцыі”.
Sož — электра пост-панк гурт родам з Гомеля, носіць назву ракі, на якой стаіць горад. Гурт выпусціў міні-альбом "Apošnija Tancory", а таксама кліпы "Malako", "Stotis" i "Apošnija Tancory". Зараз працуе над альбомам, які плануе прэзентаваць на борце рэальнага карабля.
Паводле прэс-рэліза