- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Я — баязлівец. Напэўна. І няўдачнік. Праяўленне баязлівасці і слабасці для мужчыны, верагодна, не самае прыемнае, асабліва ў прысутнасці каханай дзяўчыны ці проста сяброўкі. Адчуванне поўнай бездапаможнасці ўціскае вочы ў падлогу, а галаву — у плечы. І справа не ў тым, што ты баішся біцца. Магчыма, «махач» — твой адзіны талент. Усведамленне таго, што будзе балюча, ператварае цябе ў мыш ці, хутчэй, у пацука. І хоць табе не ўсё адно, што падумае пра цябе твая спадарожніца, масты ўжо спалены. Яна бачыла, што ты спалохаўся. Ёй напляваць, адкажаш ты ці не на абразу словамі альбо кулаком. Яна заўважыла твае разгубленыя вочы, што адчайна шукаюць выйсця з сітуацыі, але не могуць знайсці. Яна чула тваё маўчанне ў адказ на пагрозы ў твой жа адрас. Ты мог бы не кідацца на злом галавы на крыўдзіцеля, каб памерці ад нажа якога-небудзь дэгенерата, які толькі што адкінуўся з «зоны» і які ненавідзіць цябе толькі за тое, што ты доўгавалосы «акулярык». Ты мог бы, не спыняючыся, паказаць суперніку «фак» і абпаліць словамі не горш за агонь, а потым схапіць спадарожніцу за руку і зматвацца дварамі, замятаючы сляды, каб вас не дагналі, апынуўшыся ж у бяспецы, упіцца ў яе вусны, абменьваючыся адрэналінам. Ты мог проста спыніцца і памерці, як мужчына, абараняючы, засланяючы сабой сваю дзяўчыну. Але ты нічога не зрабіў, а яна бачыла твае вочы. І гэта яна засланяла цябе сабой. А ты стаяў за яе спінай, жаваў губы і маліў Бога, каб толькі не білі. Ні цябе, ні яе. (фрагмент)