Антон Камароўскі: Інтэрнет-часопіс „Taubin” – пляцоўка для паэзіі
2023-05-31 23:05
Другі год існуе Інтэрнет-часопіс сучаснай беларускай паэзіі „Taubin”. На яго інтэрнэт-старонках можна знайсці сучасную беларускую паэзію і пераклады замежнай паэзіі, – распавёў Госць Рацыі рэдактар анлайн-часопіса Антон Камароўскі.
РР: Давайце акрэслім, што такое інтэрнэт-часопіс „Taubin”. Гэты інтэрнэт-рэсурс быў створаны для каго, з якой мэтай?
Антон Камароўскі: Часопіс „Taubin” з’явіўся больш за год таму, у снежні мы адзначалі год. Гэта была ініцыятыва мая і Крысціны Бандурынай. Мы з Крысцінай даўно размаўлялі пра гэта, што нам не хапае чагосьці, дзе публікавацца, дзе пачытаць. А пасля так склалася, што мы сабраліся і вырашылі самастойна рабіць, калі ніхто не робіць, то трэба нехта рабіць самім. Мы пагаварылі, я запрасіў дызайнера, які зрабіў нам дызайн. І вось так мы пачалі працаваць. Спачатку была мэта зрабіць пляцоўку для публікацый сучаснай беларускай паэзіі. І мы гэта напачатку рабілі. Затым у нас з’явіліся пераклады. З пачатку гэтай поўнамаштабнай вайны з’явіліся ў нас пераклады сучаснай украінскай паэзіі. Не так даўно ў нас з’явіўся новы раздзел «Крытыка», дзе мы публікуем найперш агляды паэтычных кніг. І ёсць у нас яшчэ інтэрв’ю. То бок, мы пастараліся ахапіць усё, што звязана з паэзіяй.
На старонцы інтэрнэт-часопіса
„Taubin” можна знайсці публікацыі, раздзел знаёмства з аўтарамі і аўтаркамі, інтэрв’ю, пераклады ды крытыку.
Беларускае Радыё Рацыя