Анка Упала напісала і выдала новую кнігу
2024-12-13 23:00
Анка Упала (сапраўднае імя Алена Казлова) выдала новую аповесць “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў”, якую можна чытаць як працяг папярэдняга раману або як асобную кнігу.
У кнізе апавядаецца, як спякотным летам 2018 года пісьменніца і перакладчыца Алена ў чарговы раз выпраўляецца ў Швецыю. Гэтым разам, каб купацца ў вадаёмах Стакгольма і працаваць з сямейным архівам. Яна збіраецца пажыць у пустой кватэры старэйшай сяброўкі Маргарэты ў раёне Васастан, на дахах якога ў рэальнасці гаспадарыць не Карлсан, а рабочыя-рамонтнікі.
Таемна ад усіх Алена чакае сустрэчы з Тунці, колішняй суданскай аднагрупніцай па класе шведскай мовы, якая надоўга перарвала сяброўства без усялякіх тлумачэнняў. Цяпер Алена іх атрымае. Аднак на фоне апакаліптычнага надвор’я руйнуюцца і яе планы, усё ідзе не так, як задумвалася.
Алена і Тунці ледзь не робяцца сведкамі рэдкай астранамічнай з’явы, але для іх яна так і не адбываецца. Дык быў знак у небе ці не было? І ці варта наогул разлічваць на нейкія нябесныя знакі як на дарадцаў у сваім жыцці? Пра ўсё гэта Алена працягвае разважаць, вярнуўшыся ў Беларусь.