Чытачы прагаласавалі і ўзнагарода трапіла ў рукі падляшскай пісьменніцы. Анэта Прымака-Онішк, наша сённяшняя госця, атрымала прызнанне чытачоў у намінацыі “Рэпарцёрская кніга года” на прэстыжным агульнапольскім конкурсе Grand Press 2024.
Запрашаем на размову з лаўрэаткай!
РР: Пачнем са шчырых віншаванняў! Віншую ад сябе асабіста і ад усяго нашага калектыву з вашай прэстыжнай узнагародай. Вы атрымалі ўзнагароду «Чытачоў» у намінацыі «Рэпартажная кніга года» на прэстыжным польскім конкурсе «Гранд Прэс 2024».
– Дзякуй вялікі, мне вельмі прыемна. Гэта для мяне вельмі важная ўзнагарода, бо яна ад чытачоў. Думаю, для кожнага аўтара і журналіста галоўнае — каб яго кніга знайшла водгук у чытачоў. Асобна адзначу, што журы таксама ўключыла кнігу ў спіс пяці найлепшых рэпартажаў года, але канчатковае рашэнне вынеслі чытачы.
РР: Слухала вашу прамову падчас уручэння ўзнагароды. Яна была вельмі кранальнай і асабістай. Вы казалі пра тое, як важна будаваць будучыню разам, нягледзячы на цяжкасці, якія маюць меншасці. Няма шкадавання, што мы, як меншасць, мусім пастаянна нагадваць пра сябе, у тым ліку праз кнігі?
– Я лічу, што гэта наша задача — каб голас меншасці гучаў. Раней ён амаль не быў чутны. Зараз ужо з’явілася прастора для выказвання, але ці выкарыстаем мы яе — гэта наша рашэнне. Мы, як беларуская меншасць, і іншыя меншасці ў Польшчы — украінцы, кашубы, літоўцы, сілезцы — павінны гаварыць сваім голасам, расказваць свае гісторыі.
– Вельмі важна, каб пра нас гаварылі мы самі, а не толькі большасць, якая часта нас не разумее, бо не мае магчымасці нас пазнаць. Для мяне гэта асабістая гісторыя, бо кніга — пра маю сям’ю, пра складаныя моманты сямейнай памяці. Гэтае мінулае, якое працягвае ўплываць на нас, заўсёды мае асабісты аспект.
– Гэта цяжкасць, але таксама і сіла такіх гісторый. Калі я гляджу на сваю кнігу і іншыя падобныя працы, я бачу, што такія гісторыі дадаюць моцы. Мы часта гаворым пра падзеі, якія няёмка слухаць большасці, бо яны крытычна паказваюць афіцыйную гісторыю. Для мяне было важна напісаць кнігу так, каб яна не закрывала дзверы, а адчыняла іх. Гэта кніга не толькі для меншасці, але і для большасці, каб і яны змаглі нас лепш зразумець.
– Мяне вельмі кранула, калі я ўбачыла, як людзі ў сацсетках дзяліліся ўражаннямі і заклікалі іншых галасаваць за кнігу. Гэта быў знак, што чытачы прынялі яе. Было вельмі радасна бачыць падтрымку з боку беларусаў з Беласточчыны, нават тых, хто ўжо не жыве там. Мяне таксама радавала, што людзі казалі: “Мы нават не ведалі, што так было”. Узнагарода чытачоў для мяне асабліва каштоўная, бо яна сведчыць, што гісторыя, якую я распавяла, важная для многіх.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле.
Нашай госцяй была падляшская пісьменніца, журналістка,
Анэта Прымака–Онішк, адна з лаўрэатаў сёлетняга конкурсу Grand Press 2024 у Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя