Андрэй Янушкевіч: Колькасцю наведвальнікаў беларускага стэнда і продажамі мы задаволеныя
2023-04-24 14:54
У Беластоку адбылася галоўная кніжная падзея года Падляшша – літаратурны фестываль «На паграніччы культур» і кніжны кірмаш. У кірмашы ўзялі ўдзел беларускія незалежныя выдавецтвы, якія мелі адмысловы павільён пад № 24.Мы пацікавіліся ў выдаўца
Андрэя Янушкевіча, якія кнігі карысталіся ў пакупнікоў найбольшым попытам.
– Самымі запатрабаванымі былі навінкі. Гэта вельмі радуе, значыць да людзей дайшла інфармацыя і яны цікавяцца новай літаратурай. Яшчэ ў суботу скончыліся экзэмпляры дзіцячага фэнтазі «Казік з каменнай горкі» аўтарства Алеся Кудрыцкага. Лічаныя асобнікі засталіся новай кнігі Валера Гапеева. Сталым попытам карыстаецца і нон-фікшн – успаміны рэпрэсаваных гарадзенцаў. І акрамя таго ў рэйтынг найлепшых продажаў уваходзяць ад выдавецтва Янушкевіч кнігі Альгерда Бахарэвіча, кнігі Джоан Роўлінг, кнігі Джорджа Оруэла, Хемінгуэя, Фіцджэральда. У цэлым колькасцю наведвальнікаў беларускага стэнда і продажамі мы задаволеныя.
Кніжны кірмаш працаваў тры дні – з
21 па 23 красавіка. Свае навінкі на кірмашы прадставілі і беларускія пісьменнікі –
Уладзімір Арлоў,
Міхась Андрасюк і
Аляксей Кудрыцкі. Беларускім і польскім чытачам свае навінкі і вядомыя выданні прапаноўвалі выдавецтвы
«Янушкевіч»,
«Гутэнберг»,
ARCHE,
«Кнігаўка»,
Skarynyčy ды іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя