Гутарка пра творчасць у эміграцыі, беларускую ўпартасць і незнішчальнасць, а таксама пра веру ў Беларусь.
Андрэй, чытаючы вашы кнігі, гледзячы праграмы на youtube, слухаючы лекцыі, я здзіўляюся, як эвалюцыявала ваша творчасць. Колькі новых формаў і жанраў! Вы нават аўтар лібрэта да оперы «Дзікае паляванне Караля Стаха»…
— У прынцыпе, ніякай сутнаснай эвалюцыі не адбылося. Я не перастаў пісаць вершы і, на шчасце, не перастаў перакладаць. Я спадзяюся адкрываць новых аўтараў для беларускага чытача, веру ў наведванне таго, што мы традыцыйна называем муза. Але разам з тым з часам узнікае разуменне: асабліва ў неспрыяльных для культуры ўмовах ты мусіш браць на сябе тую ношу, якая табе падчас не пад сілу, і разам з іншымі цягнуць яе.
— А калі больш канкрэтна, што вы маеце на ўвазе?
— Гэта значыць, што ў 2022 годзе мае былыя студэнты, кажучы: «Вашы лекцыі — адзіныя, на якіх мы не спалі», прапанавалі: «Паколькі вы не можаце выкладаць, як прыстойны выкладчык у той краіне, то давайце зробім вандроўны ўніверсітэт праз youtube». Я загарэўся гэтай ідэяй, хаця я ніякі не ютубер. Я проста прыходжу і чытаю лекцыі, уяўляючы студэнцкую аўдыторыю, мірныя часы, людзей, якія гэта слухаюць. Потым гэта ўсё афармляецца: дадаюцца карцінкі, апісанні, часам паўтары гадзіны скарачаюцца да стандартных 40 хвілін, каб youtube паказаў гэта большай колькасці людзей. Так я распавядаю пра літаратуру.
— Значыць, нягледзячы на складаныя часы, варта шукаць новыя формы працы?
— Вельмі добра, што ў гэтыя цяжкія часы беларуская літаратура трымаецца, і мы спрабуем дапамагаць і натхняць адно аднаго. Вельмі добра, што захоўваюцца незалежныя літаратурныя прэміі, якія цяпер уручаюцца ў эміграцыі там, дзе мы ёсць. Добра, што захаваўся імпэт беларускіх выдаўцоў. Большасць з іх пераехалі, але працягваюць выдавацца ў Празе, Вільні, Кракаве, Лондане і Варшаве. Таксама з’яўляюцца нашы кнігарні.
Вельмі важна не падзяліць Беларусь, якую так стараюцца падзяліць, на тых, хто застаўся, і тых, хто з’ехаў. Я спадзяюся, што аднаўляюцца традыцыі самвыдату, адбываюцца літаратурныя імпрэзы, людзі пішуць і выдаюць кнігі. У мяне галава кружыцца ад думкі пра нашую ўпартасць і незнішчальнасць.
Дарагая мне думка, каб выгнанне ператварылася ў магчымасць адкрыцца свету. Я радуюся, калі людзі, што вымушана апынуліся ў іншых краінах, вучаць мясцовыя мовы, як Ціхан Чарнікевіч ці Ігар Кулікоў, і перакладаюць літоўскую паэзію. Чакаю, што беларусы ў Грузіі зробяць крок насустрач грузінскай культуры. Мая частка «лямкі» — беларуска-польскі культурны дыялог.
— На фестывалі «Прадмова» ў Познані вы прэзентавалі кнігу вершаў да оперы «Дзікае паляванне Караля Стаха». Гэта было хвалююча?
— Караткевіч, мабыць, самы любімы пісьменнік у гісторыі нашай літаратуры, панічна любімы намі творца. Ён казаў, што трэба пісаць так, каб твае кніжкі кралі з бібліятэк. І сёння яго сюжэты жывыя і тэрапеўтычныя, бо дапамагаюць нам выжываць і спраўляцца з нашымі праблемамі. «Дзікае паляванне караля Стаха» — пра тое, як каханне, любоў і сяброўства падымаюцца і перамагаюць страх. Калі ты перамагаеш страх, вораг ужо не здаецца такім усемагутным, якім ён быў у вачах гэтага страху.
Мне заўсёды прыносіць захапленне, калі мастацтва перасякае свае межы і падае руку іншаму мастацтву: калі можаш удзельнічаць у ператварэнні прозы ў паэзію, літаратуры ў відовішча. Геніяльная, як мне здаецца, опера Вольгі Падгайскай, у якой я сціпла служыў словам, ствараючы вершы паводле матываў Караткевіча. Але ці гэта яшчэ Караткевіч, ці ўжо не? Сам у сябе пытаюся і шукаю адказ.
Акрамя досведу паэта, у мяне ёсць досвед перакладчыка. Чаму б не паспрабаваць перакласці прозу на паэзію максімальна блізка да таго, як бы гэта зрабіў мой улюбёны празаік? Таму, магчыма, я часцей натхняўся вершамі Караткевіча, спрабуючы знайсці яго форму, каб скарыстацца ёю ў лібрэта.
— Што дала вам праца над «Дзікім паляваннем караля Стаха» як творцу?
— Я казаў пра тэрапію для чытача, а тут я сам атрымаў сваю тэрапію як аўтар. Спрабаваў расказаць пра гэта на прэзентацыі кнігі: пасля 24 лютага, калі фізічна адымаецца голас, калі няма як сказаць, няма ахвоты, усё сціснута ўнутры. Ты нармальна не дыхаеш, не жывеш, адчуваеш сваю кволасць і спрабуеш словам адлюстраваць тое, што адбываецца вакол.
Праз гэтую працу ты атрымліваеш гарантаванага хаўрусніка — Караткевіча і яго высачэзную планку. Атрымліваеш дэдлайн, які дысцыплінуе. Зразумела, я не магу здзейсніць немагчымае і зрынуць ненавісны рэжым, але тут, на сцэне, я бачу еднасць Беларусі, якая словамі нашага найвыдатнейшага пісьменніка падтрымлівае Украіну. У адказ зоркі ўкраінскай оперы без памылак на правільнай беларускай мове спяваюць нашыя тэксты. За такое адчуванне шмат чаго не шкада аддаць.
— Што датычыць фестывалю «Прадмова». Што вас найбольш уразіла?
— Цяжка ўсё пералічыць, каб не забыць і нікога не пакрыўдзіць. Каб не хадзіць далёка, я толькі што назіраў цуд ператварэння адной трагедыі, якая, здавалася, ужо далёкая, у беларускія формы, што адгукаюцца ў нашых сэрцах.
Нямецкамоўная, габрэйская паэтка-эмігрантка Маша Калека ў ператварэнні Ігара Крэпса гучала болем нашага выгнання і бяздомнасці. Яе верш мамы, прысвечаны сыну, які падбірае словы той краіны, дзе апынуўся, ператвараецца ў гімн чалавечнасці. Яе траекторыя — з роднай Польшчы ў Германію, затым у ЗША, а пазней у Ізраіль — вельмі падобная да нашай. Гэта і наш лёс — заставацца людзьмі.
Часам мне здаецца, што лёсы, якія кіруюць светам, мэтанакіравана выпрабоўваюць нас на чалавечнасць: не ўзненавідзець ворагаў, але ненавідзець зло і змагацца за святло. У сваіх найлепшых праявах фестываль «Прадмова» вучыць менавіта гэтаму.
— Дзякуй за гутарку.
Павел ЗАЛЕСКІ