Андрэй Хадановіч: Ларыса Геніюш – сімвал незалежнасці
2023-03-31 11:49
Помнік Ларысы Геніюш у мястэчку Зэльва знік без слядоў. Гэта адбылося пасля таго, як прарасейская актывістка Бондарава заявіла, што помнік быў усталяваны незаконна. І хоць мясцовыя ўлады адказалі, што помнік застанецца на месцы, ён раптоўна знік.Гэтую сітуацыю каментуе
„Госць Рацыі”, паэт і перакладчык
Андрэй Хадановіч, на размову з якім запрашае
Яна Запольская.
РР: Як вы ўспрынялі навіну пра знос помніка Ларысе Геніюш у Зэльве?
– Тут адразу некалькі нагодаў для каментара. Мы даўно саркастычна кажам, што ўлады, як і іх самаабвешчаны лідар, гаспадары свайго слова. Хочуць дадуць, хочуць забяруць назад. Рэжым наскрозь хлуслівы на ўсіх яго паверхах і ў нічога нельга верыць. Таму ўжо ўчора пасля заявы можна было насцярожыцца. Больш важнае само змаганне з культурай, з памяццю пра нашых выбітных дзеячаў культуры. Я думаю як бы дзве паралельныя думкі, яны не супярэчаць адна адной, але дадаюцца адна да адной. З аднаго боку гэта як бы помста культуры, помста з боку рэжыму на адрас культуры, якая фактычна ўзначаліла нашу мірную барацьбу, наша цывілізаванае культурнае змаганне з несправядлівасцю ў 2020. Гэта помста за тое, якое месца паэты, спевакі, мастакі, перформеры, музыкі і гэтак далей, займалі ў маршах, у дваровых пратэстах увогуле. Беларуская культура вельмі-вельмі важны сегмент незалежнай грамадзянскай супольнасці, якая паўстала ў нас. Таму рэжыму так важна гэта здушыць, знішчыць, пакінуць пасля выпаленую зямлю. З другога боку, гэта як бы знак несамастойнасці рэжыму, гэта халуйскі жэст у бок „русского мира”. Глядзіце, як мы сябруем з пуцінскай Расеяй, глядзіце, як мы служым імперыі. Мы самі, сваімі рукамі вынішчаем усё беларускае. РР: Упершыню ўлады дайшлі да руйнавання помніку паэту.
РР: Упершыню ўлады дайшлі да руйнавання помніку паэту.
– Бо яна была сімвалам змагання і з тым і з другім.
Ларыса Геніюш, якая яшчэ ў часы Другой сусветнай вайны падтрымлівала беларусаў сваімі вершамі ў эміграцыі падчас знаходжання ў чэшскай Празе. Ларыса Геніюш, якую незаконна дэпартавалі з Чэхіі Савецкі Саюз, якой вынеслі разам з мужам 25-ць гадоў пакарання сталінскімі лагерамі, якая 8 год з гэтага адседзела. Паэтка, якую не рэабілітавалі да канца дагэтуль, не пры познесавецкім, не пры лукашэнкаўскім. Можа быць за тое, што яна так і не прыняла савецкі пашпарт, кінуўшы выклік гэтай сістэме. Можа быць таму, што яна была актыўнай дзяячкай Беларускай Народнай Рэспублікі і не здала гэбістам, спецслужбам, дзе архівы БНР, якіх сам Цанава на допытах дамагаўся. Можа быць таму, што яна дзесяцігоддзямі была ў Зэльве была сімвалам беларускай незалежнасці і да яе ў дом, як у месца паломніцтва ездзілі дзеячы нашай культуры, каб натхняцца, падыхаць свежым вольным паветрам і набрацца сіл. Думаю, што гэты помнік, як і вершы Ларысы Геніюш, як яе аўтабіяграфічная „Споведзь” – гэта крыніца сілаў для свядомых беларусаў, якія што зараз у эміграцыі, што ў падполлі ў самой Беларусі, спрабуюць застацца сабой. Думаю, што цынічная ўлада гэта разумее і знішчае гэтыя месцы сілы для нас. Калі можна дэмантаваць помнік, то нельга дэмантаваць нематэрыяльную спадчыну, таму я ўсіх заклікаю, што сэрца падказвае, да стыхійнага флэшмобу. Давайце дзяліцца вершамі, выявамі, цытатамі. Хай яе зробіцца болей на інтэрнэт прасторы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
„Госцем Рацыі” быў беларускі паэт і перакладчык
Андрэй Хадановіч, які пракаментаваў знос помніка выбітнай паэтцы Ларысе Геніюш у мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне.
Беларускае Радыё Рацыя