Анатолю Бутэвічу – 75
2023-06-15 14:26
Чалавек вялікага таленту, актыўны грамадскі дзеяч, асветнік, краязнаўца Анатоль Бутэвіч 15 чэрвеня адзначае 75-годдзе.Усю сваю невычарпальную энергію ён прысвячае гісторыі і культуры Беларусі. Праяўляючы няўтольную цікавасць да традыцый і гісторыі роднага краю, славутых імёнаў і постацей, ён пасродкам свайго пісьменніцкага таленту данёс не адну дакладную і цікавую гісторыю да шматлікіх чытачоў.
За сваю ўнушальную кар’еру здзейсніў шэраг культурных праектаў і ініцыятыў.
Чвэрць стагоддзя таму таму
Анатоль Бутэвіч вызначыў яшчэ адзін вектар у сваёй творчай дзейнасці – пачаў пісаць творы для дзяцей, якія вучаць маладое пакаленне любові да роднай прыроды і прыгожага беларускага слова. Аўтар з задавальненнем праводзіць сустрэчы з чытачамі дзіцячых бібліятэк і школьнікамі, распавядае ім пра цуды Беларусі і гісторыю роднай краіны.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Нясвіжчыне. Вучыўся ў Вяліка-Ліпскай васьмігадовай школе. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясвіжскага раёна. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена”, дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва “Мастацкая літаратура”, старшынёй Дзяржаўнага камітэта па друку, міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку, генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску…
Анатоль Бутэвіч мае дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Кандыдат навук у галіне інфармацыйных тэхналогій. Лаўрэат шматлікіх прэмій. Член рэдкалегій часопіса «Вясёлка», «Краязнаўчай газеты», намеснік старшыні рады Беларускага фонда культуры, старшыня таварыства “Беларусь — Польшча”, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, член Савета ветэранаў моладзевага руху і г. д.
Шчыра віншуем Анатоля Іванавіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, натхнення, сямейнага дабрабыту і новых кніг!
Беларускае Радыё Рацыя