Ана Мацкевіч: Наша грамадства толькі цяпер прачынаецца
2023-06-26 21:26
Якая яна – беларуская ідэнтычнасць? Ці насамрэч беларусы вінаватыя ў тым, што цяпер адбываецца? Што рабіць, каб палепшыць сітуацыю?
На гэтыя і іншыя пытанні ў сваім монаспектаклі „Споведзь” шукае адказы актрыса, спявачка і аўтар твору Ана Мацкевіч. Паказ музычна-тэатральнай пастаноўкі адбыўся ў Варшаве і завяршыў Тыдзень супраць катаванняў.
Нашаму карэспандэнту яна распавяла пра твор і рэфлексію беларусаў.
РР: Калі ты рэфлексавала на тэму беларускай адказнасці, што ты адчула, што зразумела?
– Галоўная мая думка ва ўсім тэксце з’яўляецца тое, што мы не можам нікому дапамагчы, пакуль мы не дапаможам самі сабе. Гэта не пра эгаізм, гэта пра тое, што калі самалёт падае, то спачатку трэба апрануць масачку сабе, а пасля ўжо дзіцяці. Калі сам памрэш, то дзіцяці ўжо не апранеш масачку. Ніколі нельга дапамагчы некаму, калі не гатовы, бо проста не хопіць сіл, спынішся на палове шляху, памрэш або выгарыш і нічога не атрымаецца. Гэта не спрынт, гэта марафон, які мы ўсе бяжым у барацьбе са злом. Наконт адказнасці, я лічу, што ў першую чаргу адказныя тыя людзі, што былі ў час, калі прыйшоў Лукашэнка. Тыя людзі, што абралі яго ці тыя людзі, якія яго не абралі, у сэнсе былі апалітычныя. Я лічу, што мы цяпер усё расхлёбваем. Але адказныя, гэта не значыць, што вінаватыя, бо гэтыя ўсе дыктатары на жаль вельмі хітрыя, вельмі маніпулятыўныя. Вельмі цяжка адрозніць правільнае ад няправільнага. Увогуле мы ўсе толькі цяпер, як чалавецтва, прачынаемся ад патрыярхальнага застою. Наша еўрапейскае грамадства яно толькі цяпер прачынаецца, гэта будзе доўга. Я лічу, што гэта будзе яшчэ вельмі доўга. У тым ліку гэта наша барацьба з гэтымі дыктатарамі. Гэта частка адной барацьбы, гэта не толькі нашая бітва. Таму я лічу, што ў першую чаргу адказныя тыя людзі, якія тады былі дарослыя, прымалі рашэнні. А ўжо цяпер, я лічу што мы робім усё, што ёсць у нашых сілах. Вядома, што мы не ведаем, што робіцца ў Беларусі цяпер, бо проста небяспечна пра гэта гаварыць. А там напэўна робіцца, я чула, што людзі гавораць. Ніхто нічога не забыў і гэта вельмі важна, гэта вельмі грэе маё сэрца.
РР: Што стала падставай, каб з’явіўся гэты самы ўмоўны спектакль.
– Маё пачуццё сораму, маё пачуццё віны і мой пошук адказу. Па-першае, якая ў мяне ідэнтычнасць, бо я ў палове полька, на адну чацвёртую ў мяне расейская кроў і на адну чацвёртую беларуская. Вядома, што тая частка, якая польская, яна таксама напалову польская, напалову беларуская. Для мяне было заўсёды вельмі важна зразумець, хто я, што я, бо калі я жыла ў Беларусі, я заўсёды адчувала, што я не на сваім месцы. Я заўсёды думала, ну можа я полька, ну дык паеду ў Польшчу. Тым больш, што ў мяне дзядуля ўвесь час распавядаў, што Польшча класная і гэтак далей. Прыехала я ў Польшчу і зразумела, што я ніякая не полька, я беларуска. Калі ў 2020 годзе ўсё гэта пачало адбывацца, я яшчэ больш зразумела сваю адказнасць за тое, каб абраць, хто я і ў сувязі з гэтым ужо рабіць. Калі мы знаходзім сваю мэтавую групу, як гавораць тыя, хто пішуць праекты, то мы пачынаем нешта рабіць для гэтай групы. Хто я? Я жанчына, я асоба квір, я беларуска ці я полька, хто я, можа я павінна абараняць жывёлаў. Што абраць з гэтага? У 2020 годзе я абрала беларусаў таму, што вельмі балела сэрца. Таму, што гэта было той справай, якая павінна была быць „tu i teraz”, як гавораць палякі. Трэба было штосьці з гэтым рабіць, неяк дапамагаць. Тады я сапраўды верыла, што гэта сапраўды скончыцца. Але я не шкадую пра тое, што вырашыла так зрабіць, я б зрабіла так яшчэ раз. Я б абрала гэты шлях творчага актывізму нягледзячы на тое, што я не магу вярнуцца дадому. Я веру ў тое, што я раблю, яно дапамагае людзям. Вяртаючыся да ідэі спектаклю, проста мне было вельмі важна патлумачыць сабе і іншым людзям пра што гэта ўсё ўвогуле. Чаму мы не вінаватыя, а ў чым наша адказнасць. Гэта вельмі важныя рэчы, тым больш пасля 2022 года гэта адрозніваць.
З акторкай, спявачкай і аўтаркай спектаклю “Споведзь” Анай Мацкевіч гутарыла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя