Украінскі дудар, удзельнік гурта Fram, які з першых дзён вайны валанцёрыў у краіне, Аляксей Шкурапацкі з’ехаў у Польшчу. Пакуль творца жыве ў Кракаве, але на будучыню не загадвае.
Марына Савіцкая сустрэлася з артыстам у Варшаве, каб даведацца пра прычыны змены жыхарства і наступныя крокі, а таксама пра тое, як творца адчувае сябе ў Польшчы.
Аляксей Шкурапацкі: Вельмі рады адчуваць гэты вайб, які трымаецца, які падтрымлівае ўкраінскія ўзброеныя сілы, якія стрымліваюць варожую навалу, якая прасоўваецца на захад усё далей і далей. Мы ваюем за вас. Мы адчуваем вашую падтрымку. Мы робім усё, што магчыма для таго, каб абараніць цывілізацыю ад арды, якая рухаецца і рухаецца. Але дабро заўжды пераможа зло. Мы гэта ведаем не з кніжак.
РР: Ты доўгі час жыў ва Украіне. Але чаму вырашыў з’ехаць?
Аляксей Шкурапацкі: Мая доля дужа павязаная з Украінай. Я не спынюся падтрымліваць Украіну ані секунды свайго жыцця, ніводны удар сэрца не будзе прапушчаны, каб не за Украіну. Я знаходжуся ў Еўропе, каб падтрымліваць сваю радню, каб вырашаць праблемы падтрымкі Украіны, бо гэта зараз вельмі важная тэма, бо Украіна зараз практычна закрытая дзяржава, і мы імкнемся як мага больш эфектыўна дапамагаць нашай дзяржаве, актыўна нагадваць усім еўрапейскім інстанцыям пра тое, што адбываецца зараз ва Украіне, а таксама ў Беларусі, каб ніхто ані на секунду ў гэтым часовым еўрапейскім спакоі не забываў пра пагрозу, якая насоўваецца і насоўваецца.
РР: Як цяпер ва Украіне адчуваецца гэты ваенны стан? Існуе меркаванне, што быццам бы людзі ў тым самым Кіеве ўжо адаптаваліся, быццам бы не вельмі заўважаюць тое, што ёсць трывогі, ёсць вайна і г.д. Наколькі гэта праўда?
Аляксей Шкурапацкі: Людзям вельмі цяжка. Але людзі павінны жыць, людзі павінны прыстасоўвацца, працаваць на сваіх работах. Робяцца звычайнымі паветраныя трывогі, бамбёжкі. Амаль кожнай ноччу хтосьці паранены, хтосьці гіне. Мы паціху губляем насельніцтва, але трымаемся з усіх сілаў. Вельмі проста легчы і сказаць, што паміраеш. Але трэба жыць. Мы ведаем, што ёсць хлопцы, якія трымаюць фронт, і мы стараемся максімальна ім дапамагаць. Хтосьці дапамагае прамымі данатамі, у каго ёсць магчымасць такое рабіць, хтосьці працягвае хадзіць на працу і сплачвае падаткі са сваёй работы, і такім чынам падтрымлівае эканоміку, падтрымлівае бюджэт краіны.
РР: Пры гэтым гурт Fram, у якім ты граў, падчас вайны працягваў ладзіць канцэрты ў пабе «Докер».
Аляксей Шкурапацкі: Мы ўжо багата гадоў працуем з пабам «Докер» у Кіеве. Зараз «Докер» дае найлепшыя ўмовы для музыкантаў. Уласнік «Докера» сам служыць у тэрабароне. І калі ён на службе, то справу вядзе яго жонка. І мы заўсёды падтрымлівалі ЗСУ. Заўсёды рабілі дабрачынныя аўкцыёны на нашых канцэртах. Спачатку мы збіралі няшмат грошай. Але калі мы сталі працаваць з валанцёрамі з фонду «Дарога жыцця», мы змаглі ўжо збіраць па 20 тысяч за канцэрт.
Цалкам размова - у далучаным гукавым файле!
Нагадаем, да 2020 году Аляксей разам з гуртом Fram удзельнічаў у буйных беларускіх фэстах. А ў 2021 падтрымаў акцыю ў падтрымку затрыманага тады бэнду Irdorath.
Беларускае Радыё Рацыя