Аліна Стэфановіч расказала пра ператрус і затрыманьне мужа
2021-07-15 18:58
Сілавікі забралі з дому Стэфановічаў тэхніку і дзіцячы пісталет.
Аліна Стэфановіч паведаміла, што іх з Валянцінам дзеці спалі, калі ў дом пачалі грукацца міліцыянты. Сілавікі забралі адзін вялікі і два малыя бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама кампутары і тэлефоны, у тым ліку дзіцячыя. Забралі і цацачны пісталет.
Паколькі дзеці непаўналетнія, візыт сілавікоў у хату ў любым выпадку засьпеў сям’ю зьнянацку, прызналася Аліна Стэфановіч.
Паводле Аліны Стэфановіч, што дакладна ня ўдасца зрабіць уладам у выніку арыштаў лідэраў «Вясны» — паралізаваць працу праваабарончага цэнтру. Паводле інфармацыі жонкі Валянціна Стэфановіча, ягоныя калегі даўно вызначылі, якім чынам будзе працаваць арганізацыя ў выпадку крымінальных спраў і арыштаў яе лідэраў. А таму ў «Вясьне» ёсьць шэраг людзей, якія працягваюць бараніць правы беларусаў, цэнтар будзе працаваць.
14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны». Васьмёх праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.
Сьпіс затрыманых:
Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намесьнік старшыні «Вясны»
Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
Яўгенія Бабаева, праваабаронца (грамадзянка Расеі)
Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны» (Горадня)
Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Ўладзімера Лабковіча Ніну Лабковіч. Яна дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band.
Пасьля ператрусаў і допытаў вызвалілі праваабаронцу «Вясны» з Барысава Алега Мацкевіча, праваабаронцу са Смаргоняў Алеся Дзергачова, былога сябра «Вясны» з Воршы Васіля Леўчанкава, праваабаронцу і рэдактара Orsha.eu Ігара Казьмерчака.